Забароненыя “чарнілы” замянілі на пладова-ягадныя віны “па спецтэхналогіі”

27 студзеня кіраўнік канцэрна “Белдзяржхарчпрам” Іван Данчанка паставіў крыж на танных ардынарных пладова-ягадных вінах, заявіўшы, што іх вытворчасць будзе спыненая ўжо сёлета. На вінзаводах распавялі, што ад таннага “чарніла” там ужо адмовіліся.

“Ардынарныя віны мы не робім даўно. Чаму? Забаронена. Усім прадпрыемствам. Выпускаюцца толькі віны палепшанай якасці і па спецтэхналогіях”, – расказалі Еўрарадыё на Навагрудскім вінзаводзе.

Прычына надзвычай простая. Новыя акцызы, уведзеныя ў жніўні мінулага года, зрабілі вытворчасць такіх вінаў проста нявыгаднай.

“Тут яшчэ такая справа, што і падатак іншы на іх, на ардынарныя віны. Ардынарныя віны, яны ўжо адыходзяць. Ужо лічыцца, што як бы лепшай якасці – гэта віны палепшаныя. Па спецтэхналогіях. Спецтэхналогіі – гэта віны, якія робяцца ў працэсе іх вытрымкі пры тэмпературы”, – расказвае тэхнолаг барысаўскага харчовага камбіната “Веселава”.

Дарэчы, вінаробы шкадуюць аб забароне і кажуць, што аматары іх прадукцыі нават патрабуюць вярнуць улюбёныя маркі. Як у выпадку з веселаўскім брэндам, віном “Чорная дама”, якое заваявала 19 залатых (!) медалёў на конкурсах і фестывалях. Разам з “Чорнай дамай” зніклі таксама “Мары паляўнічага”, “Жураўліная песня” і “Старое танга”.

“Нават зараз патрабуюць і просяць. Проста палітыка такая, што нявыгадна ставіць на вытворчасць. Мы павінны думаць і пра тое, каб заробак атрымоўваць. І ў той жа час, каб нейкі прыбытак быў. Ардынарныя віны выключаюць. Падатак высокі. Выключаюць з продажу. Такім метадам матэрыяльным. Мы не супраць выпускаць. Народ і патрабуе гэтую “Чорную даму”.

Ардынарныя віны ад іншых адрозніваюцца тым, што ў пладовую аснову проста дадаюць спірт, не чакаючы, пакуль ён там з’явіцца натуральным чынам. У так званых палепшаных і спецыяльных вінах працэс браджэння натуральны. Кошты на такія напоі ў раёне 8-12 тысяч за пляшку аб’ёмам 0.7 літра. Такая ж пляшка самага таннага натуральнага вінаграднага віна каштуе каля 20-ці тысяч.

Аднак адрозніць ардынарнае віно на смак ад палепшанага бывае складана. А на этыкетцы склад пазначаны не заўсёды. Ва Упраўленні абароны правоў спажыўцоў Мінгандлю кажуць, што віно без складу на этыкетках лепш не купляць і прызнаюць, што гэта з’яўляецца парушэннем заканадаўства. Даведацца пра склад віна можна у прадаўцоў, альбо пазваніць вытворцу. У выпадку атручэння варта звярнуцца ў суд. Толькі трэба ўзяць з сабой усе квіткі, каб абгрунтаваць прэтэнзіі.

“У судзе патрабуюцца ўсе абставіны, на якія спасылаецца бок. Каб пацвердзіць свае патрабаванні. І гэтыя абставіны трэба даказваць. Калі грамадзянін кажа, што яму была прычыненая шкода сумай адзін мільён рублёў, то ў судзе папросяць пацвердзіць, чаму вы лічыце, што мільён рублёў. Пакажыце, чым вы можаце гэта пацвердзіць”.

Так што набываючы віно, лепш заўсёды захаваць квіток, а калі пасля застолля спатрэбяцца лекі, то квіток трэба будзе прасіць і ў аптэцы.

“Нават зараз патрабуюць і просяць. Проста палітыка такая, што нявыгадна ставіць на вытворчасць. Мы павінны думаць і пра тое, каб заробак атрымоўваць. І ў той жа час, каб нейкі прыбытак быў. Ардынарныя віны выключаюць. Падатак высокі. Выключаюць з продажу. Такім метадам матэрыяльным. Мы не супраць выпускаць. Народ і патрабуе гэтую “Чорную даму”.

Ці стануць менш піць пасля забароны пладовага віна? Прапануем вам адказы жыхароў Мінска:

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі