З-за валютных праблем даражэюць квіткі на Korn

Праблемы з валютай закранулі і арганізатараў канцэртаў. Зразумела, што замежныя артысты не пагаджаюцца на ганарары ў рублях, а дзе набыць долары – невядома. Па словах арганізатара канцэрту гурта Korn Віталя Супрановіча, менавіта гэты факт стаў прычынай хуткага павышэння коштаў на квіткі.

Віталь Супрановіч: "Кошты мы запланавалі дзесьці два месяцы таму, калі была адна сітуацыя, а калі прыйдзе момант выплачваць гурту ганарар, сітуацыя будзе іншая. Таму зараз мы вымушаныя падняць квіткі на Korn. З 1 траўня на танцпол ды фанзону кошты вырастуць на 30 тысяч рублёў".

Віталь патлумачыў, што валюту ў памерах, неабходных для ганарару, цяпер набыць немагчыма. Долары даводзіцца шукаць па частках, напрыклад, за мяжой, што значна павялічвае выдаткі.

Такіх пытанняў не ўзнікае ў арганізатараў канцэрта Шакіры. Па словах прадстаўніцы "Палаца Рэспублікі", які і прывозяць вядомую калумбійку, у іх усё плануецца загадзя, таму і праблем не ўзнікае.

Палац Рэспублікі: "Канцэрты ж рыхтуюцца не за два месяцы, а за шэсць, за сем, разлічваецца кошт, рэгіструецца і паступае ў продаж. Можа ў прыватнікаў і іншыя справы, але ў нас на ўсё, што было запланавана, ні на адзін квіток, ні на адзін рубель не змяніўся кошт. Так было заўсёды і так заўсёды будзе, мы ніколі не пераглядалі. Некаторыя ганарары мы плацім загадзя, некаторыя пасля мерапрыемства. У нас усё разлічваецца на месяцы наперад".

Кампанія allstars.by, якая другі раз вязе ў Мінск нашумелае шоў Стынга Symphonicity, павышаць кошты на квіткі таксама пакуль не плануе. Праўда, на леташні канцэрт самы танны квіток на Стынга каштаваў 120 тысяч. Цяпер жа ён падаражаў на 30 тысяч! Прадстаўнік арганізацыі Аляксандр Бусько запэўніў Еўрарадыё, што канцэрт адбудзецца, нягледзячы на праблемы з валютай у краіне.

Аляксандр Бусько: "Выхад заўсёды ёсць. Калі адмена і будзе, то не па гэтай прычыне, не па фінансавай. Цалкам магчыма, што калі-небудзь мы даведаемся, які будзе курс у нашай краіне".

Раней грошы за квіткі неслі на біржу і там набывалі валюту, якой потым разлічваліся. Цяпер біржа не працуе, адпаведна, трэба шукаць іншыя выхады. Праўда, арганізатары сваімі "вынаходніцтвамі" ў гэтай сферы дзяліцца адмовіліся. А заснавальнік "Корпорации развлечений" Аляксандр Манышаў увогуле сцвярджае, што не адчувае ніякіх валютных праблем. Таму чэрвеньскія канцэрт Moby і фестываль Global Gathering адбудуцца, як і было запланавана.

Аляксандр Манышаў: "У нас нічога не ўзнікае! Артысты прыязджаюць: мы Roxette правялі, Deep Purple правялі, UrbanWave правялі, так жа будзе і Global Gathering і Moby таксама. Усё адбудзецца! Можа яны бясплатна прыязджаюць! Не хвалюйцеся, усё для народа: квіткі не даражэюць. А ўсе ўнутраныя справы, гэта нашы справы".

Праўда, паводле непацверджаных чутак, многія арганізатары звяртаюцца па дапамогу да "Палаца Рэспублікі", які нібыта мае пэўныя магчымасці набыць валюту. Але прадстаўнікі канцэртнага аддзела "Палаца" катэгарычна абвяргаюць гэту інфармацыю і называюць яе лухтой.

Фота: kipish.tv

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі