З пачатку года беларусы купілі больш за 1 тону срэбра і паўтоны золата

З 15 красавіка Нацбанк перапыніў продаж каштоўных металаў за беларускія рублі. У галоўным банку краіны Еўрарадыё пацвердзілі, што цяпер золата, срэбра і плаціну можна будзе набыць толькі за валюту.

Кажа кіраўнік упраўлення інфармацыі Анатоль Драздоў"Праўда, з 15 чысла — толькі за валюту".

Чым выкліканыя такія захады — Нацбанк не паведамляе. Затое там адзначаюць, што камерцыйныя банкі па-ранейшаму могуць гандляваць зліткамі і за рублі. Ці рабіць гэта — яны будуць вырашаць самі.

"А мы гэта не каментуем. Мы маем права такое рашэнне прыняць, і мы яго прынялі. Банкі маюць права прадаваць, як яны хочуць. Банкі у нас таксама прадаюць мерныя зліткі з каштоўных металаў. Хочуць за рублі, хочуць за валюту — гэта іх права", — гаворыць Анатоль Драздоў.

За студзень, люты і сакавік 2011 года беларусы купілі больш за 1,5 тоны каштоўных металаў: 680 кг 338 г золата, 1 тону 45 кг 500 г срэбра, 9 кг 649 г плаціны. Попыт на першыя два металы значна павялічыўся апошнім часам. У Нацбанку гэта звязваюць з сусветным ростам цэн.

"Зараз больш сталі набываць. А купляюць больш за звычайна, калі на сусветных рынках пачынаюць расці цэны на золата. А ў дадзены момант на золата і срэбра кошт рэзка падскочыў".

А вось на думку незалежнага аналітыка Сяргея Чалага, высокі попыт на каштоўныя металы ў Беларусі звязаны, найперш, не з сусветнымі катыроўкамі, а з дэфіцытам валюты ў нас, у Беларусі.

"Кошты растуць ужо некалькі год. А ў нас ажыятажны попыт пайшоў апошнія паўтара месяцы. Наўрад ці гэта неяк звязана паміж сабой. Золата — тавар біржавы, і яго кошт усталёўваецца не па жаданні Нацбанка. Хаця ён і спрабаваў абмежаваць попыт, пашыраючы розніцу паміж коштам пакупкі і продажу... Як не стала валюты — народ пачаў шукаць, куды яшчэ можна падзець беларускія рублі ў нешта адносна стабільнае. Таму што у выпадку змены курса адбыўся б пералік курсаў і гэтых зліткаў".

Таксама забарона на продаж зліткаў за рублі, хутчэй за ўсё, не звязаная і са спробай абараніць залаты запас краіны. У засеках Нацбанка золата больш за 30 тон.

"Каб столькі скупілі — гэта неверагодна. Звычайна за год насельніцтва купляла максімум 2 тоны. Запаса хапае, гэта не валюта, якая разыходзіцца хутчэй. Тэмпы тут іншыя", — кажа Сяргей Чалы.

На думку эксперта, такое рашэнне Нацбанка выглядае як спроба не даць магчымасці насельніцтву “скінуць” яшчэ больш беларускіх рублёў — укласці іх у нешта цвёрдае і канвертаванае пасля таго, як знікла валюта.

Фота: ctv.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі