Yellow Brick Road едуць у нечаканы міні-тур

Беларускі гурт Yellow Brick Road, які апошні год амаль не праяўляе музычнай актыўнасці, усё ж вырашыў рушыць у невялічкі тур. За восем апошніх дзён ліпеня музыкі адыграюць шэсць канцэртаў у нашых еўрапейскіх суседзяў, а пачнецца міні-тур нечаканым для музыкаў выступам на фестывалі "Басовішча-2011".

"Мы заўсёды скептычна ставіліся да гэтага фэсту, ён у нас неяк не выклікаў даверу, — кажа дырэктар гурта Зміцер Хламаў, — Але зараз мы бачым, што тэндэнцыя рухаецца на паляпшэнне, цікавыя калектывы выступаюць, таму мы ўпершыню едзем на "Басовішча", каб паглядзець што гэта ды як. Ноччу гэтага ж дня мы сядаем у чароўны аўтобус і рушым у Вільню, дзе адыграем канцэрт у нейкім новым клубе. Пасля гэтага едзем на звычайны сольны канцэрт у Рыгу. Пасля Рыгі рушым на найбуйнейшы літоўскі фестываль Dziungles, а на наступны дзень граем на найбуйным латвійскім фэсце Zvera Fest".

Еўрапейскім слухачам Yellow Brick Road прэзентуюць абсалютна новую праграму. Праўда, Зміцер паспяшаўся адзначыць, што гэта толькі напрацоўкі, а выніковы варыянт беларусы пачуюць першымі.

Зміцер Хламаў: "На фестывалях будзе абсалютна новая праграма. Думаю, новы матэрыял усіх здзівіць. Гурт Yellow Brick Road кардынальна змяніўся разам з новым матэрыялам. Але я б не назваў гэта канчатковай праграмай, бо праграма знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Ну а тое, што атрымаецца ў выніку, думаю, першымі пачуюць беларускія слухачы, ужо разам з рэлізам".

Дарэчы, неўзабаве пасля міні-тура музыкі Yellow Brick Road плануюць выдаць кліп, але пакуль на песню з апошняга альбома.

Зміцер Хламаў: "Мы бярэм з сабой аператара, які працаваў з Malamoute Production і здымаў кліп для No Comment Band. Ён будзе здымаць матэрыялы на ўсіх фестывалях, на ўсіх канцэртах, які ў выніку будзе змантаваны ў life-video на адну з песень альбома "Honeymoon" "Sell Your Soul to Rock-n-roll".

Зміцер дадаў, што немалая роля ў кліпе будзе адведзеная наведвальнікам канцэртаў, бо кампазіцыя "Sell Your Soul to Rock-n-roll" адметная хорам сяброў ды прыхільнікаў гурта, і трэба, каб гэты шматгалосны хор атрымаўся і на лайвавым запісу.
 
Цікава, што раней Yellow Brick Road ладзіў туры, за якія адпрацоўваў не менш за 20 канцэртаў за тры тыдні, але зараз музыкі стаміліся і нават не планавалі ніякіх летніх канцэртаў. Паводле бас-гітарыста калектыва, гэты міні-тур атрымаўся выпадкова.

Зміцер Хламаў: "Раней мы неяк пісалі лісты на ўсе магчымыя фестывалі, рабілі паўсюль рассылкі з прома-матэрыялам, то сёлета, як гэта ні сорамна, увогуле нічога не рабілі. І вось ён — вынік таго, што мы нічога не рабілі: тры фестывалі, ну і тры канцэрты. Мы вырашылі, што ўсё ж трэба неяк узбадзёрыцца ўлетку і паехаць кудысьці пайграць, бо нешта мы зусім расслабіліся".

Напрыканцы размовы Зміцер жартаўліва дадаў, што выступы на буйных фестывалях — гэта, канешне, крута, але без афішы ён нават не памятае назваў хэдлайнераў. Было б яшчэ цікавей, каб там выступалі ўжо амаль калегі па сцэне Deep Purple ці хто іншы таго ж узроўню.

Фота: Вольга Пашко

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі