Падчас урагану нарадзілася больш дзяцей, чым звычайна

“Амаль 600 транспартных сродкаў вызвалілі, 1 тысячу 700 чалавек, з іх 300 дзяцей. Асноўны акцэнт рабіўся менавіта на выратаванне людзей”, — расказваюць у МНС пра падзеі, якія разгортваліся ў Беларусі ў ноч з пятніцы на суботу 16 сакавіка.

130318_pilecki_uragan.mp3

Усяго ў барацьбе са снежным ураганам “Хавер” у Беларусі ўдзельнічала больш за 30 тысяч чалавек, прыкладна 10 тысяч аўтамабіляў і іншых тэхнічных сродкаў. У МНС гавораць, што працавалі ў звычайным рэжыме. У першую чаргу ехалі туды, дзе жыццю людзей пагражала рэальная небяспека. Давялося нават дапамагаць падчас родаў!

“Ёсць сітуацыі, калі дастаўлялі ў бальніцы жанчын, якія павінны былі нарадзіць. Вызвалялі з сумётаў машыны хуткай дапамогі, у якіх унутры былі пацыенты”.

У сталічнай радзільні № 5 Еўрарадыё распавядаюць, што падчас урагану ў іх нарадзілася больш дзяцей, чым звычайна. Было 11-13 родаў, хаця звычайна за ноч тут нараджае 4-5 жанчын. Прычым 6 парадзіх даставілі ў бальніцу, калі роды ўжо пачаліся! Медыкі звязваюць гэта з хваляваннямі будучых мам. Ускладнялі сітуацыю і замеценыя снегам пад’езды да радзільні. Жанчын з машын хуткай дапамогі выносілі на руках.

Таксама ратавальнікі выязджалі туды, дзе знаходзіліся малыя дзеці і старыя людзі. На дарогах засела ў снезе адразу некалькі аўтобусаў са школьнікамі.

Адзін з такіх аўтобусаў у Гатаве выратавальнікам дапамагалі эвакуяваць валанцёры “Чырвонага крыжа”. Кіраўнік службы па надзвычайных сітуацыях гэтай арганізацыі, Дзмітрый Русакоў, расказвае, што “Чырвоны крыж” сам шукаў інфармацыю аб праблемах людзей.

“Мы не чакалі званкоў, ведалі, што будзе. Мы ў Оршы выехалі ў горад, вызвалялі машыны. У Мінску нашы хлопцы выехалі таксама — джыперы, суполка “Сёмы канал”, аўтамабілісты. Тыя, хто выехаў на легкавых машынах, пазней вярнуліся дадому. У непадрыхтаваных машынах асаблівага сэнсу не было”.

Адной з асноўных крыніц інфармацыі для валанцёраў “Чырвонага крыжа” была суполка “Пошукава-выратавальнага атраду “Анёл” у сацыяльнай сетцы “Вконтакте”. Людзі, якія траплялі ў бяду, пісалі туды паведамленні. Часам новая інфармацыя з’яўлялася кожную секунду.

“За адну хвіліну, з другой гадзіны ночы да чацвёртай раніцы, магло прыйсці да 60 паведамленняў”.

Дзмітрый Русакоў кажа, што падлічыць колькасць валанцёраў, якія дапамагалі людзям у тую снежную ноч, амаль немагчыма. Аднак яна дакладна не маленькая — толькі за суполкай у сацыяльнай сетцы сачыла 200 чалавек, якія пазней каардынавалі працу валанцёраў на месцах.

“Ёсць сітуацыі, калі дастаўлялі ў бальніцы жанчын, якія павінны былі нарадзіць. Вызвалялі з сумётаў машыны хуткай дапамогі, у якіх унутры былі пацыенты”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі