Вязняў сухотнікаў трымаюць у вільготных камерах

121115_samaabarona.mp3

 

Мінчука Юрыя Чухлея прысудзілі да 24 гадоў пазбаўлення волі за забойства. Сам Юрый сцвярджае, што гэта была самаабарона, бо на яго на вуліцы напала група спартоўцаў і ў бойцы загінуў чалавек. Суд вынес такі прысуд, бо раней мінчук ужо сядзеў за кратамі. Аднак ён пастаянна абскарджвае прыгавор і ўжо дамогся скарачэння тэрміну да 17 гадоў, 7 з якіх ужо адбыў. Вязень ужо некалькі гадоў хворы на сухоты, таму адбывае пакаранне ў калоніі №12 у Оршы. Гэта турма для асобаў з актыўнай формай сухотаў. Праблемы ў асуджанага пачаліся, калі ён адмовіўся здаваць аналіз ДНК. Юрыю не патлумачылі, навошта патрэбны гэты аналіз, і той баіцца, што на яго могуць “павесіць” дадатковае злачынства. Бо такі аналіз бярэцца толькі ў сур’ёных выпадках, калі, скажам, расследуецца справа пра забойства.

 

За адмову здаць аналіз вязня хворага на сухоты некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар і спецпалату, а ўмовы ўтрымання для сухотнікаў там небяспечныя для жыцця, расказвае жонка Юрыя Святлана Чухлей:

 

Я пыталася [у іншага вязня]: “У вас ацяпленне ўключылі?”,— бо ў нас было ўключанае ацяпленне тыдні два. Ён кажа, што няма ніякага ацяплення. Я пытаюся: “Што адбываецца ў Вас у камерах, палатах? Мне [вязень] адказаў, што цячэ па сценах вада, усе людзі хворыя, вільгаць паўсюль. Я пытаюся, што ў мужа ў спецпалаце, адказ —тое самае.

 

У такіх умовах бялізна на нарах заўсёды мокрая. Хворым вязням нельга мець больш за адну цёплую рэч — напрыклад, 1 швэдар. Здавалася б, калі для вязняў-сухотнікаў ствараюць асобнае месца ўтрымання, то там за імі павінен быць асобны дагляд, ці хаця б умовы, каб хвароба не прагрэсавала. А калі сухотнікаў трымаюць у ШЫЗА ці ў вільготных камерах, то гэта можна лічыць катаваннем, кажа Святлана Чухлей. Таму жонка вязня звярнулася па дапамогу правабаронцаў з Беларускага Хельсінскага камітэта.

 

Раней Святлана ўжо спрабавала змагацца за здароўе свайго мужа. Некалькі гадоў таму здарыўся выпадак, калі замест флюраграфіі Юрыя Чухлея ў яго медыцынскай картцы аказалася флюраграфія здаровага чалавека. На думку Святланы, тады зрабілі наўмысны падлог дакументаў, і яе хворага мужа, які кашляў крывёю, накіравалі ў калонію для здаровых вязняў у Мазыр:

 

Быў выяўлены ў яго медыцынскай карце падложны здымак здаровага чалавека. У майго мужа даўнішні металічны аскепак ў лёгкім. Я звярнулася да начальніка калоніі з пытаннем, як такое магло здарыцца. А ён мне адказаў, што не ведае, як мог прыйсці чалавек звонку, здаць аналіз і зарэгістравацца ў часопісе.

 

Тады на звароты Святланы адрэагаваў галоўны лекар Дэпартамента Выканання Пакаранняў МУС Васілій Завадскі, ён дамогся вяртання асуджанага ў Оршу. Цяпер жа Святлана разам з праваабаронцамі піша скаргі мясцоваму пракурору, каб палепшыць умовы ўтрымання ў калоніі і спыніць ціск на свайго мужа.

 

Рубрыка “Самаабарона” спецыяльна для праграмы Кардыяграма 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі