Все Crazy: Наш гурт гэтакі расп..дзяй, але з сіне-алкагалічным запалам

Першая частка ў гуку:

120621 Interv-1.mp3

Другая частка:

120621 Interv-2.mp3

Трэцяя частка:

120621 Interv-3.mp3

Гурт “Все Crazy” выдаў дэбютны альбом “Телипыч” на дзесятым годзе існавання. Прычым, як сцвярджаюць музыкі, выдалі яго не да канца. Каб патлумачыць гэта, а таксама паразмаўляць пра падрыхтоўку сінгла кельцкага панку, другі дыск за год, агулам  пра андэграўнд ды адраджэнне мецэнацтва да нас у студыю завітаў лідар ды вакаліст гурта Антон “Сір” Сіроцін. Дык чаму так доўга? Чаму не да канца? Патлумач калі ласка!

Антон Сіроцін: Па-першае, усім прывітанне! А што да альбома, то пісалі мы яго дастаткова доўга. Першыя запісы былі зроблены ці не тры гады таму. Паступова гэта абрастала матэрыялам, частка якога пайшла ў сметніцу, а частка – у распрацоўку. Але канкрэтна сесці і запісаць альбом мы вырашылі мінулай восенню. І ўжо шчыльна пачалі працаваць у студыі. Чаму так атрымалася, што выйшаў сам дыск, але яшчэ не было афіцыйнага рэлізу? На самой справе дыск, які выйшаў, такі прэ-рэліз. Гэта лімітаванае выданне для людзей, якія з намі ад самага пачатку. Такіх дыскаў было каля 500 асобнікаў, толькі і іх ужо амаль не засталося. Хутчэй гэты дыск – гэта такая магчымасць для людзей паслухаць тое, што выйдзе!

Еўрарадыё: А калі будзе гэты інтэрнэт-рэліз, і ўсё ж, ці будзе нейкае адрозненне ад таго, што ўжо ёсць на дыску?

Антон Сіроцін: Безумоўна адрозненні будуць! У першую чаргу, па звядзенні. Дыскавы варыянт атрымаўся вельмі празрысты, я б сказаў, вельмі чытаемы. То бок усе інструменты чуваць, усё прыгожа, але калі пераводзіць гэта ў тое ж mp3, то ўсё неяк згубіцца, мне падаецца. Таму зараз мы займаемся тым, што робім гук больш жорсткім, больш качовым. Але песні інтэрнэт-рэлізу будуть тыя ж самыя і ў той жа колькасці.

Еўрарадыё: Усе песні на дыску ўжо добра знаёмыя вашым слухачам…

Антон Сіроцін: Так, для сталых слухачоў яны знаёмыя, але там ёсць і песні дастаткова новыя, якім дзесьці год. Зусім новых няма, іх мы зараз будзем запісваць на студыі “Осмос”. Такі стнгл кельцкага панку, запіс якога мы выйгралі на Graffity Open Music Festival два гады таму. Нарэшце мы вырашылі скарыстацца гэтым запісам.

Пасля перамогі на Graffity Open Music Festival


Еўрарадыё: Пра сінгл пагаворым крыху пазней. Давай пакуль вернемся да альбома. Стылістычна, на тваю думку, які ён? Бо мне складана гэта вызначыць.

Антон Сіроцін: Ён атрымаўся дастаткова цяжкім па гучанні і агрэсіўным. Асабліва першыя дзве траціны. Сярэдзіна атрымалася пераходнай да блюзу праз фанк, але першая палова выканана ў агрэсіўнай манеры. Нейкая лютая злосць. Але насамрэч дыск атрымаўся пазітыўненькім, хоць і слухаецца цяжкавата.  

Еўрарадыё: А агульная канцэпцыя ёсць, акрамя таго, што ўжо трэба было запісаць старыя песні?

Антон Сіроцін: Першапачаткова не планавалася, ён планаваўся, як складанка песень, ці што-небудзь такое. Але падчас працы над звядзеннем ды расстаноўкай трэкаў акрэслілася дастаткова выразная канцэпцыя. Як высветлілася, мы спяваем у асноўным пра свабоду: пра свабоду адносінаў паміж мужчынам і жанчынай шмат, пра свабоду музычнага праяўлення таксама дастаткова… Асабліва што датычыцца першай, агрэсіўнай часткі. Яна ў асноўным пра свабоду. У асноўным гэта такі юнацкі пратэст, але і ў больш маладых песнях тэма свабоды ўсё роўна так ці інакш жыве.

Еўрарадыё: Напэўна самая дзіўная з’ява, акрамя дэбютніка праз дзесяць год існавання, – гэта яго назва. Чаму “Телипыч”? Што гэта?

Антон Сіроцін: Гэта аднаўленне інстытута мецэнацтва!) Насамрэч гэта вельмі цікавая гісторыя. Ёсць у нас адзін сябра Шлёма. Ён браўся шлюбам і быў у яго хлапчышнік. На гэтым хлапчышніку прысутнічаў яшчэ адзін наш сябра Цяліпыч. У стане дастаткова крайняга алкагольнага ап’янення была кінута прад’ява: “Чаму я не магу паслухаць вашу музыку на дыску?” Мы сказалі: “Цяліпыч, лайно пытанне! Давай грошы і ўсё будзе!”. І ён паабяцаў, што будуць у нас бабкі. Пацан сказаў, пацан зрабіў, карацей! Пасля мы сабраліся падумалі. Маўляў, чувак даў грошай, трэба ж неяк яго ўшанаваць. А назва “Телипыч”, мне падаецца, прыкольная назва. Яна нейкая не прышый рукаў.

Еўрарадыё: Ну і, адпаведна, калі ўжо ўзгадвалі пра сінгл, то ён будзе называцца “Осмос” напэўна?

Антон Сіроцін: Не! Сінгл будзе называцца “ДСП”, гэта скарочанае “Дзень святога Патрыка”. І калі ўжо казаць пра сінгл, то мы яго робім у стылістыцы кельцкага панку. Няхай тэксты і прывязаныя да нашых рэаліяў, але яны прасякнутыя духам кельцкага панку і ірландскага вар’яцтва. На сінгле будзе тры песні. Адна называецца “ДСП” і дзве новыя: “Домой” ды “Потомки правой руки”. Сінгл будзе цалкам нецэнзураваны, таму яго немагчыма будзе дзе-небудзь выдаць. Але тэндэнцыі кажуць, што на..ер трэба выдаваць CD-дыскі, калі ёсць інтэрнэт.


Еўрарадыё: Раней вы збіралі шмат людзей на канцэртах, зараз іх з кожным разам усё менш і менш, ходзяць у асноўным сябры… Чаму на твой погляд? Дарэчы, ці не з-за таго самага мата, які вы часта ўжываеце?

Антон Сіроцін: Цікавае пытанне (смяецца). Наконт ненарматыўнай… я б не сказаў, што мы злоўжываем ёй! Ну, ужываем, але гэта як алкаголь, добра ў меру. Проста камусьці трэба больш, а камусьці менш. Іншая справа, што людзей, якім трэба больш, з часам становіцца менш. Але гэта як з алкаголем, людзі співаюцца. А што да меншай наведвальнасці канцэртаў, то раней было больш часу на PR. Хапала часу, каб самастойна расклейваць нейкія паперкі, раскідваць нейкія ўлёткі, штосьці там яшчэ рабіць… А зараз з-за розных абставінаў, узросту там, ці яшчэ чаго, часу няма. Ніякага арт-дырэктара ў нас не было ад нараджэння. Зараз нейкі рухі ў гэты бок робяцца, але.. які ў андэграўнда можа быць арт-дырэктар?

Еўрарадыё: Калі зараз у вас ёсць нейкі чалавек, які будзе вас спрабаваць прасоўваць, то значыць вы ўсё ж спрабуеце выйсці на камерцыйную аснову?

Антон Сіроцін: Ну.. Казаць пра камерцыйную цікавасць у нашай краіне увогуле вельмі дзіўна. Хоць напэўна можна. Але, у першую чаргу, відавочна не камерцыйная цікавасць, у першую чаргу – данесці думку. Хоць можа і не гэта самае галоўнае, бо проста данесці думку да чалавека не так складана. Самавыяўленне праз музыку, сублімацыя, напэўна, па-ранейшаму стаіць на першым месцы.

Еўрарадыё: Не шкадуеце, што так зацягнулі з выданнем альбома?

Антон Сіроцін: З аднаго боку шкада, з іншага – для ўсяго свой час. Усё што мы пачыналі да гэтага часу, ніяк не заканчвалася. Максімум быў адзін сінгл “Ольга” і тое ён нідзе не выйшаў, бо мы забілі. Дарэчы, гэта вельмі добрая тэма: Мы забілі. Мы любім падзабіць, але гэта нас не спыняе. Зараз у нас захапленне кельцкім панкам і я думаю, яно цалкам адлюстроўвае характар гурта, гэтакае разп..дзяйства, але ў той жа час і сіне-алкагалічны запал.


Рагаты - гітарыст


Еўрарадыё: У вас у гурце ўсе музыкі абсалютна розныя, па характарах, па паводзінах…

Антон Сіроцін: Так! Мы нават калісьці рабілі невялічкія перфомансы з гэтай нагоды. У нас ёсць музыка і рэгі, і фанк, і блюз, хардкор, металічныя тэмы, то бок вельмі шмат розных напрамкаў. І мы падзялялі канцэрт на музычныя часткі, пад якія пераапраналіся адпаведна стылістыцы. Было вельмі весела. А агулам… басіст Пятровіч у нас металіст, у яго ёсць свой праект Weeping Twilight, Рагаты (гітарыст) ён такі блюзмэн, але… алкаш (смяецца), блюз-панк, я б сказаў. Коля бубнач – гэта “Джа блэс”, ну а мне бліжэй панк, бо гэта самая адкрытая музыка, самая надзённая, ці што…

Еўрарадыё: І як вы ўжываецеся? Напэўна ж на рэпетыцыях кожны цягне коўдру на сябе.

Антон Сіроцін: Атрымліваецца кангламерат. Напрыклад, Рагаты прыходзіць і кажа, што ёсць афігенны рыф. Мы слухаем, сапраўды афігенны. І неяк яно само… То бок уносяцца элементы розных музычных напрамкаў, розных музычных культур, аб’ядноўваюцца пад адзіным рытмам, таксама магчыма не пастаянным, стылістычна розным, і на выхадзе атрымліваецца музыка. Мы вельмі шмат выкарыстоўваем музычных цытатаў. Але мы заўсёды абазначаем, што гэта музычная цытата: як-небудзь адзначаем яе ў тэксце, ці робім цытату вельмі падобнай на арыгінал, каб было зразумела, што мы цытуем, а не пі..дзім.
 
Еўрарадыё: То бок вы лічыце гэта нармальным…

Антон Сіроцін: Вядома нармальна. Што датычыцца блюза, напрыклад, то ў блюзе агулам тры акорды, пентатоніка, і больш няма нічога. І ў іншых напрамках тое ж самае. І застаецца толькі камбінаваць (гэтым займаюцца ды-джэі), ці шукаць новыя, альтэрнатыўныя варыянты яе падачы: візуалізацыі, тэатралізацыі, але і гэта ўжо зусім не нова. Можна яшчэ ўзяць якую-небудзь зусім прагрэсіўную тэму, тыпу даб-стэпу, то бок новыя спосабы гукавылучэння… Але мне гэта нецікава.

Еўрарадыё: Ну і, як бы гэта банальна не гучала, пагаворым пра бліжэйшыя планы. Апроч таго, што выдалі дэбютнік, зараз яго перазводзіце для інтэрнэт-рэлізу, пішаце сінгл, ведаю, што рыхтуеце ўжо другі альбом. Што ў ім будзе, ці будуць там новыя песні?

Антон Сіроцін: Працу над ім плануем пачаць увосень, калі скончым сінгл. Ён будзе лайтовым, будзе адлюстроўваць цёмны бок… не, наадварот, светлы, пазітыўны. Ён будзе злёгку рэгешны, злёгку фанкавы. Там будзе прысутнічаць панк, але ён будзе хутчэй у тэкстава-эмацыйнай падачы, чым у музычнай. Туды трапяць зусім старыя песні тыпу “Мотопед”, “Вовочка” ды новыя. Але зусім новыя мы не плануем уводзіць у другі альбом, толькі калі раптоўна напішам нешта цікавае і адпаведнае стылістыцы. Зусім новыя песні мы плануем выдаваць сінгламі. То бок, ірландскі сінгл… дарэчы, мы рыхтуем цалкам ірландскую праграму, але гэта ўжо будзе хутчэй прадукт на продаж. Хоць па духу ён аццкі, дзікі чад. Проста ёсць жаданне матэрыял, які ўжо ёсць, які ўжо гатовы і якасны, неяк запісаць. Каб ён быў запісаны, каб ён проста быў, і выдаць яго асобным альбомам. А можа гэта будзе двайнік, на якім будзе палова олдскула, а другая палова новенькага, вясёленькага, цікавенькага і бадзёрынькага, каб можна было параўноўваць. Як гэта будзе выглядаць залежыць выключна ад бюджэту нашых мецэнатаў (смяецца).

Еўрарадыё: То бок цалкам верагодна, што другі альбом будзе называцца, напрыклад, “Телипыч 2”?

Антон Сіроцін: Не, ну чаму!? У нас ёсць яшчэ добрыя людзі! Ёсць Аданыч, напрыклад… Ёсць людзі, якія зарабляюць грошы, іх не так і шмат, але і не так мала. Хоць называць другі альбом імем… а з гэтага можна зрабіць цікавую рэч!..

Еўрарадыё: Калі вы ўжо вырашылі, так бы мовіць, выстрэльваць, то і кліп можа рыхтуеце?

Антон Сіроцін: Так! Кліп мы вырашылі здымаць на песню “Свислочь”. Ужо ёсць сюжэт і я нават паціху пішу раскадроўку. Сюжэт будзе з жыцця супрацоўнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Думаю, што карцінка будзе нагадваць кліп Rammstein на песню “Sonne”, дзе голыя потныя чувачкі ў сутарэнні ..бошаць зас..аныя бойлеры кувалдамі. Хочацца нейкай экспрэсіі, але, у той жа час, і не ўваходзіць зусім у гумар, бо песня “Свислочь” усё ж сур’ёзная. То бок, гэта безумоўна будзе пародыя, але пародыя сур’ёзная.

Еўрарадыё: Калі?

Антон Сіроцін: Цягам лета трэба здымаць, бо здымаць узімку – гэта дупа нейкая. Будзем спадзявацца, што восенню выйдзе. Але тое, як гэта робіцца…

Сір ды басіст Пятровіч


Еўрарадыё: Ну, ніхто ж не кажа восенню якога года!) Раней вы часта выступалі на розных байк-фэстах…

Антон Сіроцін: Так! Вельмі актыўна ўдзельнічалі раней, але зараз плануем вяртацца да гэтага вельмі вясёлага занятку. Тым больш зараз на руках ёсць альбом, таму будзе значна прасцей. Раней, каб патрапіць на фестываль, трэба было запрашаць арганізатараў на бліжэйшы канцэрт, каб яны паслухалі. Бо ўсе дэмкі – лайно! Дарэчы, у гэтым альбоме атрымалася перадаць канцэртную энергетыку, мне падаецца.  Таму будзем працягваць, ёсць у планах розныя фэсты, закінем паўсюль, паглядзім, што будзе.

Еўрарадыё: Да гэтага і пытаўся, каб тыя, хто нас зараз паслухае ведалі дзе вас можна ўбачыць у бліжэйшы час.

Антон Сіроцін: Мы плануем усё ж зладзіць свой уласны оўпэн-эйр. Недзе напрыкацы лета – пачатку восені, калі ўсе вернуцца з адпачынкаў. Цалкам магчыма, што гэта будзе на базе “Рытэрбург”.

Еўрарадыё: Вы ж і раней ладзілі такія оўпэн-эйры проста ў лесе!?

Антон Сіроцін: Так! Мы адзін такі правялі, а ў мінулым годзе не атрымалася з-за апаратуры. Мы гэта рабілі цалкам андэграўндна, ніякіх дазволаў нідзе ніхрэна не бралі. Проста ў лесе. А зараз, пасля таго як бардаў павязалі ў лесе, неяк сцыкатна рабіць нешта падобнае. Таму і вырашылі на прыватнай тэрыторыі, але не як масавае мерапрыемства, а як “хлопцы выехалі пабухаць”.

Фота: еўрарадыё, vsecrazy.com, graffiti.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі