Все Crazy прысвяцілі дэбютнік свайму мецэнату

Гурт Все Crazy прэзентаваў дэбютны альбом "Телипыч" падчас святкавання свайго дзесяцігоддзя. Музыкі працавалі над дыскам больш за пяць гадоў, але ніяк не маглі яго закончыць - не хапала грошай. У выніку даўні сябра і аматар калектыву па мянушцы Цяліпыч вырашыў прафінансаваць альбом. Музыкі ж у сваю чаргу назвалі пласцінку ў гонар "мецэната".

"Хацелася выдаць матэрыял, які любяць людзі, - распавядае пра дыск лідар і вакаліст гурта Антон "Сір" Сіроцін. - Людзі, якія ўсе гэтыя гады ходзяць на канцэрты, слухаюць гэта ўсё. Хацелася выдаць матэрыял і неяк ад яго адыйсці. Не тое, каб выдаць і забыцца на яго, але выдаць і крочыць наперад. Больш за тое, улічваючы усенародную любоў да гэтых песень у вузкіх колах абмежаваных людзей, цалкам магчыма, што яны спадабаюцца яшчэ каму-небудзь".

Але музыкі адзначаюць, што дэбютны дыск нельга назваць складанкай лепшага за 10 год.

"Хутчэй, гэта Best Of Hard'n'Blues", - тлумачыць Сір. - Наступны альбом будзе Best Of Reggae'n'Funk за дзесяць год. А паміж альбомамі мы будзем выдаваць сінглы новых песень".

8-га траўня ў клубе "Графіці" музыкі плануюць адсвяткаваць інтэрнэт-рэліз альбома "Телипыч". Пасля гэтага Все Crazy адразу ж пачнуць працу над наступным дыскам. З гэтай нагоды гурт прапаноўвае звяртацца з дапамогай кожнаму, хто жадае ўбачыць сваё імя ў выглядзе назвы альбома.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі