Візы на "Басовішча" дапамогуць зрабіць турфірмы

Арганізатары "Басовішча-2011" абяцаюць візавую падтрымку ўсім жадаючым наведаць фестываль. Праўда, пакуль яшчэ незразумела, калі можна будзе пачынаць падаваць дакументы.

"Візавая падтрымка будзе дакладна, – кажа арганізатар фестывалю Кася Кузьміч. – Зараз вядуцца перамовы пра тое, колькі гэтых віз здолеюць атрымаць гледачы. Мы імкнёмся, каб гэта была неабмежаваная колькасць людзей, таму пакуль чакаем адказу ад консулаў".

Арганізатары спадзяюцца, што ўсе падрабязнасці стануць вядомыя ўжо на гэтым тыдні. Да таго ж, па словах арганізатара, каб не ўзнікала пытанняў з афармленнем візавай анкеты, зараз вядуцца перамовы з беларускімі турфірмамі.

Кася Кузміч: "Каб, напрыклад, не было цяжкасцяў з запаўненнем анкеты, каб людзі не стаялі ў чарзе ў консульства, мы звярнуліся да турыстычных фірм. Яны будуць збіраць дакументы ў людзей, але будуць за гэта браць нейкую аплату. Кошт гэтай паслугі таксама будзе вырашаны ў бліжэйшыя дні, але ён будзе прыблізна 30-40 тысяч рублёў".

Дарэчы, раней планавалася выдаваць візы толькі тым, хто набыў месца ў намётавым мястэчку, але зараз пра гэта размовы ўжо не вядзецца. Адзначым, што арганізатары не плануюць ладзіць фестывальныя бас-туры з беларускіх гарадоў, але абяцаюць аўтобусы, якія будуць забіраць наведвальнікаў ад мяжы і везці на фестывальную пляцоўку.

Дарэчы, на днях быў абвешчаны апошні хэдлайнер сёлетняга "Басовішча". Ім стаў украінскі этна-гурт "ДахаБраха", які выступіць у супольным праекце з беларускім эмбіентам "Port Mone". Праўда, цалкам верагодна, што гэта не усе змены сэт-ліста фестывалю.

Кася Кузьміч: "Гэта апошні хэдлайнер фестывалю, але, калі казаць пра зацверджаную на сённяшні дзень праграму "Басовішча", то гэта не канчатковы варыянт. Мы зараз чакаем адказу па фінансаванні. Калі атрымаецца так, што мы атрымаем дадатковыя грошы, то праграма будзе пашырацца".

На сённяшні дзень у якасці хэдлайнераў заяўленыя гурты Neuro Dubel, IQ48 і праект вядомых польскіх музыкаў R.U.T.A. Апроч таго, на фестывальную пляцоўку выйдуць "TT-34", Yellow Brick Road, пераможцы леташняга конкурсу Akute і лаўрэаты Exist-M. Музычную частку дапоўняць канкурсанты "Басовішча", спіс якіх будзе вызначаны пасля 10-га чэрвеня, а таксама гурты з Вольнай Сцэны. Апрача канцэртаў чакаюцца выступы дыджэяў, перформансы, праекцыі фільмаў, сустрэчы з музыкамі, майстар-класы ды іншае.

Нагадаем, што "Басовішча-2011" традыцыйна пройдзе ў польскім Гарадку з 22-га па 24-е ліпеня. Праход да сцэны вольны, а намётавае мястэчка на тры дні будзе каштаваць 20 злотых (прыблізна 7 долараў).

Фота: lelik-shishkin.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі