Вадзім Галыгін і "Лепрыконсы" прыдбалі "Подарок"

Гурт “Лепрыконсы” і шоўмэн Вадзім Галыгін выклалі для бясплатнай спампоўкі сумесны альбом “Подарок”. Пласцінка ўтрымлівае 12 песень, 9 з якіх склаў і праспяваў Галыгін. У якасці аранжыроўшчыкаў выступілі “Лепрыконсы”. Па словах фронтмэна гурта Іллі Міцько, усё паспрыяла сумеснай працы.

Ілля Міцько: “У яго ўзнікла жаданне заспяваць. У мяне ёсць студыя гуказапісу. У нас ёсць выдатная брыгада па прайграванні музычнага матэрыялу – гурт “Лепрыконсы”. І мы сабраліся ў адзін дзень, Вадзік сказаў: “Хлопцы, давайце зробім!” Мы падумалі і вырашылі: “Давай!”


У студыі Галыгін-спявак адчуваў сябе часам як першакласнік, смяецца Ілля Міцько.

Ілля Міцько: “З Галыгіным мне было цікава працаваць, часам нават смешна. Па-першае, у некаторых момантах ён нават бянтэжыцца. А ў іншых – ён не валодае музычнай граматай, так жа як і я – у мяне няма музычнай адукацыі. І калі ён хоча данесці сваю ідэю да прафесійных музыкаў і пачынае тлумачыць музыку на пальцах, гэта выглядае вельмі весела. У мяне нават не заўсёды хапала цярпення. Я выходзіў”.


Паводле Іллі Міцько, альбом “Подарок” можа з’явіцца на фізічных носьбітах у якасці сапраўдных падарункаў тыражом у 10 тысяч экзэмпляраў. Наконт канцэртнай прэзентацыі дыска пакуль нічога не вядома: маўляў, Галыгін – у Маскве, “Лепрыконсы” у Мінску. Як толькі графікі перасякуцца, музыкі зладзяць канцэрт. Тым больш, што “жаданне такое ёсць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі