Відавочца: выбух знёс усе чатыры лініі эскалатара разам з людзьмі

Аповед у жывым эфіры Еўрарадыё Дыяны, сведкі выбуху ў мінскім метро:

"У момант выбуху я якраз спускалася з эсклатара ўніз, зрабіла некалькі крокаў і тут пачула два хлапкі, амаль у адзін час. Я спачатку падумала, што гэта хлапок петарды, і толькі потым зразумела, што гэта выбух. Ззаду і спераду пайшло шмат дыму, і я апынулася паміж двух выбухаў. Адзін з іх знёс цалкам усе чатыры лініі эскалатара разам з усімі людзьмі, якія там былі. Людзі кінуліся адразу да эскалатара, але ўбачылі, што там усё разбурана. Людзі кінуліся назад, але і там быў дым, там таксама быў выбух. Мы не ведалі, куды кідацца, усюды быў дым. На шчасце, хутка спрацавалі мясцовыя службы. Адна жанчына моцна крычала, на ёй вопратка гарэла. Тут жа адзін супрацоўнік метро хутка спусціўся, літаральна праз 2 хвіліны, можа. І нас па службовым уваходзе сталі выводзіць наверх".

Еўрарадыё: Ці можаце вы ацаніць, колькі чалавек у гэты момант было ў эпіцэнтры выбуху?

Дыяна: "Вельмі шмат. Якраз цягнік прыйшоў. Гэта гадзіна пік, 6 гадзін беларускага часу. Уверх ехала вельмі шмат людзей, я ехала ўніз і дзівілася, што ўніз так мала людзей ехала. Уверх жа шмат, і яшчэ натоўп стаяў унізе пры эскалатарах, шчыльна адзін пры адным. Я выбралася наверх адной з першых, і адразу пад'ехалі шмат хуткіх.  Я ішла пехам, а хуткія ўсё ехалі, ехалі. Я бачыла параненых, ахвяр не бачыла, але, мяркуючы з усяго, там ахвяр будзе шмат.

Мне вельмі пашанцавала, у мяне, відаць, моцны анёл-ахоўнік. Мяне паміж двума выбухамі толькі аглушыла выбуховай хваляй, і я вас цяпер кепска чую. І калена чымсьці драпнула, пэўна аскепак. Я псіхолаг па адукацыі. Я ведаю, як сябе трэба паводзіць, трэба прадыхацца і адплакацца, нельга, кааб эмоцыі застывалі.
Я прашу ўсіх пацярпелых: абавязкова звяртайцеся па дапамогу да спецыялістаў".

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі