Уладзімір Пугач: “Нафта” цяжэйшая за J:Морс. Але гэта не Gods Tower!

Еўрарадыё: Назва “Нафта” ў аматараў беларускай музыкі асацыюецца найперш з песняй “Нафта” “Ляпіса Трубяцкога”. Прычым “ляпісаўская” “Нафта” — гэта сімвал глабалізму. Які сэнс ты ўкладаеш у назву праекта?


Уладзімір Пугач: Мне падаецца, гэта, хутчэй, гаворыць пра кругагляд людзей. Бо ў мяне, прынамсі, “Нафта” асацыюецца з Паўночна-амерыканскай асацыяцыяй свабоднага гандлю, якая расшыфроўваецца як НАФТА. Хто на што вучыўся… Ці ў Міхалка копірайт на беларускую мову з нейкага часу? (смяецца). Раю людзям слухаць паболей рознай музыкі.

Еўрарадыё: Беларусь больш асацыюецца з бульбай ды калійнай соллю, чым з нафтай. Чым ёсць “нафта” для нашай культуры?


Уладзімір Пугач: Калі я прыдумляў назву праекта, я не спрабаваў вырашыць манументальныя культуралагічныя задачы для краіны, бо ўвогуле лічу, што гэта нясціплая пазіцыя. Я падбіраў назву, якая б пасавала таму, што мы робім. Каб змест адпавядаў форме. І назва пасуе праекту, які мы зрабілі. Таму і добра, і прыкольна займацца творчасцю, бо ты ўкладаеш адзін сэнс, а людзі гэта разумеюць па-іншаму.

Еўрарадыё: Што натхніла цябе на стварэнне новага праекта? Ці проста думцы стала цесна ў J:Морс?


Уладзімір Пугач: Ні ў якім разе. Проста ў J:Морс’а быў перыяд студыйных вакацый. Апошні альбом у нас выйшаў у 2010 годзе, і пасля гэтага мы толькі адну песню новую запісалі і вырашылі адпачыць. І вось, пакуль гэты перыяд цягнуўся, мне карцела нешта рабіць, і я вырашыў рэалізаваць план, які ў мяне выношваўся доўгі час. То бок, зрабіць праект з матэрыялам, які праз нейкія прычыны не ўпісваўся ў “джэйморсаўскія” праграмы. Я запрасіў музыкаў, з якімі даўно хацеў  папрацаваць, — не было проста фармату, у якім гэта магло ажыццявіцца. Вось ён і з’явіўся. І я вельмі гэтым задаволены.

Дарэчы, у траўні мы пачынаем пісаць новы матэрыял для J:Морс — гэта інфармацыя для тых, хто думае, што праект паўстаў замест J:Морс.

Еўрарадыё: Ты кажаш, што праект базуецца на імправізацыі і адсутнасці межаў. Гэта імправізацыя ў духу “Князя Мышкіна” ці, напрыклад, джазавая імправізацыя? У якіх стылістычных межах знаходзіцца праект?


Уладзімір Пугач: Імправізацыя тут, хутчэй, гэта ўнутраная філасофія, падыход да таго, што мы робім. Калі мы працуем над J:Морс, то маем бэкграўнд з 7 ці 8 студыйных альбомаў. Ён дыктуе кантэкст, з якога ты воляй ці няволяй развіваешся далей. А тут мы пачыналі з нуля, і не было такога, кшталту, “а давайце ў такім стылі зробім альбом”. Не. Мы проста прыходзілі ў студыю, ганялі нейкія гармоніі туды-сюды, імправізавалі, і калі разумелі, што гэта тое, што трэба, спыняліся і запісвалі. Гэта не “Князь Мышкін”. Гэта, магчыма, больш традыцыйная ўсё-такі музыка. Але яна больш жорсткая, чым у J:Морс. Хаця ніхто такой задачы не ставіў. Усё само сабой атрымалася.

Еўрарадыё: Ці ёсць аналагі “Нафты” ў беларускай і сусветнай музыцы?


Уладзімір Пугач: Я падазраю, што ўсё мае аналагі, і ўсё залежыць ад таго, адкуль пачынаць лічыць. Для некага слова “Нафта” прыдумаў Міхалок, напрыклад, а нехта ведае, што існуюць The Cure, і што яны, а не Віктар Цой, прыдумалі такое гучанне. Ну і гэтак далей. Канечне, гэта будзе на нешта падобна. Але для мяне істотна, каб не было агульнага меркавання, на што гэта падобна. Бо з J:Морс’ам таксама так заўсёды было: запісваеш альбом, і адны гавораць, што гэта падобна да гэтага, а іншыя сцвярджаюць нешта дыяметральна супрацьлеглае. У такім выпадку добра, бо атрымліваецца дастаткова шырокая палітра, і кожны сваё знаходзіць.

Еўрарадыё: А ёсць моўнае абмежаванне ў праекта? Ці гэта ўвогуле інструментальны праект?


Уладзімір Пугач: Ды не! Мяне б тады выгналі адтуль, калі б гэта быў інструментальны праект (смяецца). Натуральна, што гэта песенны жанр, для якога я абраў тыя ж дзве мовы, на якіх спяваю і ў J:Морс.

Еўрарадыё: Ці не мяняеш амплуа ў новым праекце? Можа граеш на дудзе ці варгане?


Уладзімір Пугач: Цыркавы складнік мы яшчэ не прапрацоўвалі (смяецца). Калі ты маеш на ўвазе інструменты, якія мы звычайна не выкарыстоўваем, то так, ёсць — лёгкія фарбачкі, без перабору і абсурду. Не варган, але іншыя не менш вядомыя інструменты, якія не часта можна пачуць у рок-музыцы.

Еўрарадыё: То бок, гэтым разам мы пачуем ад Пугача нешта цяжкае…


Уладзімір Пугач: Цяжэйшае за J:Морс. Але не Gods Tower! Гэта не сюды (смяецца). Гэта як на пальцах тлумачыць — лепш паслухаць разок. Таму мы і не робім ніякіх сінглаў, каб упершыню паказаць усё менавіта на канцэрце.

Еўрарадыё: Якія настроі пераважаюць у музыцы “Нафты”?


Уладзімір Пугач: Я ўвогуле больш схільны пісаць сумную музыку. Але так атрымалася, што суаўтары песень — усе музыкі, таму ў нас ёсць нейкая колькасць вясёлых песень. Ну такіх, бадзёранькіх. Музыка праекта разнапланавая па настроі.

Еўрарадыё: Ці дасягне “Нафта” такой жа папулярнасці, як гэта здарылася ў свой час з J:Морс?


Уладзімір Пугач: Невядома. Калі пачынаўся J:Морс, ніхто такія задачы таксама перад сабой не ставіў: займаліся тым, чым займаліся, яно і вырулілася. З пункту гледжання трэндавасці і мэйнстрыму, я думаю, што не. Таму што гэта значна менш мэйнстрымавая музыка, чым J:Морс, і гэта было зразумела ад самага пачатку. А паколькі ў праекта першапачаткова не было ніякіх кан’юктурных задач, нас гэта не спыніла.

Еўрарадыё: Сярэдзіна 2000-х, калі стаў папулярны J:Морс, гэта спакойныя і стабільныя часы беларускага эканамічнага цуду. А зараз зусім іншы час. Табе які перыяд больш падабаецца?


Уладзімір Пугач: Мне падаецца, што стабільнасць і нестабільнасць — гэта дастаткова суб’ектыўны тэзіс, таму што, як казаў французскі філосаф, у кожнага пакалення ёсць свая рэвалюцыя. Проста ў нейкі час ты яе перажываеш, і табе падаецца, што ён і ёсць перыядам нестабільнасці, станаўлення, экспрэсіўнасці ў грамадстве. Я да гэтага па-іншаму стаўлюся. Для аднаго пакалення — гэта зараз. Для іншага (для майго, напрыклад), гэта было значна раней — канец 1990-х, пачатак 2000-х. Гэта суб’ектыўна.

Еўрарадыё: А ты ўвогуле любіш перамены? Як часта яны адбываюцца ў тваім жыцці?


Уладзімір Пугач: Так, люблю перамены, і яны пастаянна ў мяне здараюцца. Але гэта ніяк не звязана з сацыяльнымі пытаннямі. Чалавек развіваецца незалежна ад таго, што вакол яго адбываецца. І калі вакол застой, гэта зусім не значыць, што ён таксама павінен замярзаць. То бок, ён можа развівацца незалежна ад гэтага, або, наадварот, захоўваць унутраны спакой ці ўпэўненасць у сабе, калі вакол змятаюць з паліц грэчку ды каўбасу з вытарашчанымі вачыма. Усё залежыць ад чалавека.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі