У цэнтры Прагі паставілі "беларускую турму" (фота)

Гэтымі днямі ў чэшскай сталіцы святкуецца Тыдзень свабоды, прымеркаваны да 20-годдзя распаду Варшаўскага пакта і вываду савецкіх войскаў. Адно з мерапрыемстваў Тыдня – Кірмаш свабоды, які праходзіць у самым цэнтры Прагі.

На плошчы – вялікі экран, дзе простыя людзі і актывісты выказваюцца на тэму правоў чалавека. За ім – тэнты з экспазіцыямі, якія прадстаўляюць сітуацыю ў розных краінах.Напрыклад, гвалт кітайскіх уладаў супраць прыхільнікаў рэлігійнага вучэння Фалун-Гонг альбо жахлівыя канцэнтрацыйныя лагеры Паўночнай Карэі.

Сярод іх і беларускі стэнд – імітацыя ізалятара, куды час ад часу трапляюць палітыкі і грамадзянскія актывісты. Тут жа мінакі могуць адаслаць паштоўку аднаму з 46 беларускіх палітычных вязняў.

20-гадовая Пэтра - адна з тых дзясяткаў простых чэхаў, якія гуляючы па цэнтры Прагі, завіталі ў імправізаваную камеру беларускага ізалятара і падпісалі паштоўку аднаму з палітыкаў альбо актывістаў, асуджаных за "плошчу".

Пэтра: "Так, геаграфічна Беларусь належыць да Еўропы, але ў каштоўнаснай сферы – не, я так не лічу. Бо дзеля таго, каб увайсці ў сям'ю еўрапейскіх народаў, Еўрасаюз, у краіне павінны шанавацца правы чалавека".


Пэтра вучыць права і дапамагае міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International. Яна кажа, што яе сябры даволі добра ведаюць пра кепскую сітуацыю са свабодай і правамі ў Беларусі

Пэтра: "Я ведаю, што сітуацыя з правамі чалавека вельмі кепская, у турмах сядзіць шмат людзей па палітычных прычынах, і выбары там праходзяць зусім не дэмакратычна. Магу сказаць, мае сябры і калегі даволі добра абазнаныя ў гэтым. Мабыць таму, што цяперашняя сітуацыя ў Беларусі нагадвае тую, якая была ў Чэхаславакіі да 1989 года".


Катаржына Шпацава, выканаўчы дырэктар арганізацыі Грамадзянская Беларусь, якая разам з дзвюма іншымі няўрадавымі арганізацыямі (“Людзі ў нядолі” і “Свабодная Беларусь”) зладзіла беларускую экспазіцыю, таксама праводзіць паралелі з сітуацыяй, якая была ў Чэхіі напярэдадні зменаў.

Катаржына: "Пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, нягледзячы на тое, што ўлады разумелі гэта па-свойму і намагаліся ўсё вырашыць планавымі метадамі. Па-другое, на прыкладзе маўклівых акцый, свой пратэст выражае ўсё большая колькасць да гэтага незаангажаваных людзей".

Нечаканым госцем стала прарэктар ЕГУ Ірэнэ Вайшвілайтэ, якая гэтымі днямі прыехала ў Прагу па справах.

Ірэнэ Вайшвілайтэ: "Я не дарма прыйшла паглядзець беларускі стэнд на Тыдні свабоды, бо сярод зняволеных – і студэнты самога ЕГУ. Гэта Наста Палажанка, асуджаная ўмоўна, Аляксандр Атрошчанкаў, а таксама Мікалай Дзядок, якому прысудзілі 5 гадоў строгага рэжыму".

Фота: Наталля Барысоўская, Андрэй Елісееў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі