У прафкамах ВНУ з кватэрай дапамагаюць толькі кожнаму чацвёртаму студэнту?

120824 MartynovichJylle.mp3

Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч раіць іншагароднім студэнтам шукаць жыллё праз прафкамы, бо… у інтэрнатах мала месцаў.

Спрабуем знайсці пакой ці кватэру праз першасную прафсаюзную арганізацыю студэнтаў у БДУ. Прапануюць тры сотні варыянтаў.

“Каля 300 пакояў у нас ёсць. А вось кватэры зрэдку. Летась было 5-6, цяпер няма. Удзень да нас звяртаецца па 20-30 чалавек. Але хутка прыедуць першакурснікі”, — папярэджваюць у прафкаме.

І чакаюць наплыву па 100 чалавек за дзень на пачатку верасня.

Ці хопіць на ўсіх тых трох соцень пакояў.

У Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі гаспадары кватэр тэлефануюць па 5-6 разоў на дзень. Шукаюць студэнтаў. Але, як падлічвае Еўрарадыё, жадаючых зняць жыллё больш у 4-5 разоў.

“Студэнтаў больш, нашмат больш. У пачатку тыдня прыходзіла па 20-30 чалавек за дзень”, — расказваюць у студэнцкім прафкаме БДУІРа.

Антон з факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ у прафкам не звяртаецца, знаходзіць кватэру праз рыэлтараў.

“Гэта трохпакаёвая кватэра, плацім трыста долараў. З мяне ў месяц на кватэру патрабуецца сто долараў”, — кажа Антон.

У прафкам не пайшоў, бо… “у іх мала прапаноў”.

Кошт пакоя ў месяц дзеліць з сябрам на дваіх. Стыпендыі ў 630 тысяч на кватэру не хапае, яна як паўтары стыпендыі, але дапамагаюць бацькі са Светлагорску.

Сяргей з гістарычнага факультэта БДУ па кватэру звярнуўся ў прафкам і… знайшоў пакой за 50 долараў.

“Мы з сябрам шукалі разам. Узялі ў прафкаме некалькі адрасоў і знайшлі. Раней пошукі былі больш складаныя. Знайшлі 2 пакоі ў кватэры, адзін для нас з сябрам, у другім іншыя людзі будуць жыць”, — тлумачыць Сяргей.

Стыпендыі ў яго няма, вучыцца на платным, але… бацькі дапамагаюць.

Інтэрнаты ад ВНУ сёлета для абраных: у БДУ ушчыльненне, студэнтаў пасунулі на 200 месцаў, а ў пакой для траіх падсялілі чацвёртага. Цяпер у інтэрнатах галоўнай ВНУ краіны 5600 месцаў, абяцаюць засяліць палову іншагародніх, чвэрць месцаў — для першакурснікаў.

За інтэрнат павышанай камфортнасці студэнт БДУ аддае 120 тысяч — пятая частка стыпендыі.

БДПУ імя Максіма Танка абяцае засяліць усіх першакурснікаў, хто папросіцца. Цяпер у гэтай ВНУ 3200 месцаў.

У БНТУ месцы ёсць толькі для траціны студэнтаў, але пасля ўшчыльнення заселяць больш за палову, абяцаюць у адміністрацыі ВНУ. Перш за ўсё — замежнікі.

Фота: www.gorkiv.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі