У Польшчы адраджаюцца прусы, а ў Беларусі — крывічы і радзімічы

Аматары гісторыі з польскіх рэгіёнаў Варміі і Мазур ствараюць слоўнік прускай мовы, а таксама робяць вікіпедыю па-пруску. Тут дзейнічае навуковае аб’яднанне Pruthenia, якое ладзіць семінары, лекцыі і праводзіць даследаванні.

“Сярод нас жыхары Ольштына, Квідзына, Торуня і Эльбланга. Кожны робіць нешта сваё, займаецца нейкай дзейнасцю. Вырашылі, што было б добра аб’яднацца. Гэта можа мець цікавыя эфекты”, — распавядае ў інтэрв’ю gazeta.pl старшыня аб’яднання Роберт Клімэк.

Такое  “вяртанне да каранёў” можна лічыць сапраўдным трэндам у Еўропе. Які, дарэчы, дакаціўся і да нашай краіны. У сучаснай Беларусі існуе рух крывічоў. Пра дзейнасць сваіх аднадумцаў распавядае філосаф і этнакультуролаг Аляксей Дзермант:

Канцэрты, імпрэзы, этнаграфічныя экспедыцыі. Думаю, можна казаць пра пэўную рэлігійную супольнасць. Ёсць людзі, якія не надта публічна, але займаюцца нейкімі абрадамі, рытуаламі — для іх гэта справа веры. Ёсць людзі, якім гэта можа быць цікава праз нейкі рэгіянальны турызм”.

Аляксею Дзерманту складана назваць колькасць прыхільнікаў “крывіцкай ідэі”. Таксама, паводле яго словаў, на Гомельшчыне існуе супольнасць радзімічаў. Праўда, апошні перапіс насельніцтва ў Беларусі не зафіксаваў ні тых, ні тых.

Затое перапіс насельніцтва 2009 года налічыў у Беларусі 66 літвінаў. Грамадскі дзеяч Алесь Стральцоў-Карвацкі, які таксама з'яўляецца літвінам, лічыць, што гэта лічба магла быць заніжанай.

Алесь Стральцоў-Карвацкі: “Улады, вядома, не маглі замаўчаць факт, што ёсць такая самаідэнтыфікацыя. Хаця нават нашы папярэднія меркаванні былі, што калі 2-3 тысячы асобаў запішуцца ў літвіны — ужо будзе добра. Да канца не ведаем, наколькі паважна перапісчыкі ставіліся да такой самаідэнтыфікацыі”.

Ці можна неяк апісаць сучаснага беларускага літвіна? Алесь Стральцоў-Карвацкі кажа, што адзіным у гэтых людзей можа быць толькі ідэнтыфікацыя ці назва. І кідае свой позірк на Захад.

Алесь Стральцоў-Карвацкі: “Гэты трэнд (рээтнізацыі — заўв. Еўрарадыё) прысутнічае. З аднаго боку, узмацняецца нацыянальная самасвядомасць тытульных нацый. З іншага боку, ёсць тэндэнцыя моцнай рэгіяналізацыі, прыналежнасці да лакальных айчынаў”.

Калі ж вяртацца да той жа Польшчы, то, акрамя прусаў, там з’явіліся сучасныя кашубы з жыхарамі Шлёнска, якія ўжо дайшлі да палітычных патрабаванняў.

Аляксей Дзермант: “Усё пачынаецца з малога. Ясна, што спачатку гэта звычайная рэканструкцыя старажытнага побыту, старажытных вераванняў. Спачатку з’яўляюцца энтузіясты, якія займаюцца даволі вузкай сферай. Потым гэта з’ява разрастаецца і становіцца культурнай, калі людзі з пэўнага рэгіёна звязваюць сябе са старажытнымі этнічнымі супольнасцямі”.

Фота: svgimnazia1.grodno.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі