У Пінску прыйшоў мінірэферэндум аб спілаванні двух дрэваў

Па ініцыятыве пінскага ЖЭСа-4 мусілі спілаваць яблыню і грушу, якія растуць у двары дома № 48 па вул. Першамайскай. Некалькі гадоў таму жыхары дома пасадзілі іх без дазволу, аднак як высветлілася, месца пасадкі не адпавядае нормам: саджаць дрэвы жыхары бліжэй чым за 5 метраў ад будынку нельга. Дрэвы маглі засланяць дзённае святло ў вокнах, і нават разбураць фундамент, расказвае галоўная спецыялістка упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Пінскага гарвыканкама Валянціна Селівон:


“Існуюць нормы пасадкі дрэваў, таксама будаўнічыя нормы. Паводле якіх дрэвы саджаюцца не бліжэй, чым за 5 метраў ад будынку. Ёсць і санітарныя нормы яшчэ большыя. Бо можа быць парушанае натуральнае асвятленне ў кватэрах. Да таго ж, карані блізка пасаджаных дрэваў могуць пашкодзіць фундамент будынку”.


Аднак жыхарам дома яблыня і груша ніякім чынам не перашкаджалі і святло не засланялі, больш за тое, мясцовыя жыхары вырашылі змагацца за тое, каб дрэвы засталіся ў двары, і прапанавалі ўладам правесці мясцовы рэферэндум. Каб вырашыць спрэчнае пытанне, мясцовыя ўлады пагадзіліся на вывучэнне грамадскай думкі. 16 кастрычніка ў двары дома прайшлі слуханні грамадскага меркавання, з 70 кватэр паціпавярховіка ў зборы ўзялі ўдзел не болей за дзесяць жыхароў. Пінчукі выслухалі довады кіраўніка ЖЭСа і пастанавілі грушу і яблыню не чапаць, а спілаваць сліву, пытанне аб якой ў абвестцы вывучэння грамадскай думкі нават не стаяла, расказвае Валянціна Селівон:


“На грамадскіх слуханнях прысутнічаў чалавек, які пасадзіў гэтыя дрэвы, і ў межах яго кватэры на першым паверсе — нежылое памяшканне, на другім паверсе — яго кватэра. І натуральна, што ён быў супраць таго, каб спілоўвалі дрэвы. Суседзі яго падтрымалі: “Яму не перашкаджае, нам таксама не замінае”. У гарвыканкам прыйшла заява ад жыхаркі гэтага ж дому, якой замінала сліва. Таму было прынятае рашэнне, разгледзець пытанне і ў дачыненні да яблыні, і грушы, і датычна слівы”.


Гарвыканкам усё ж прыслухаўся да меркавання жыхароў дома і прыняў рашэнне аб вырубцы толькі няўгоднай слівы. Па словах галоўнага спецыяліста ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Валянціны Селівон, гэта быў першы выпадак вывучэння грамадскага меркавання па такіх пытаннях. У пінскім гарвыканкаме нас запэўнілі, што будуць працягваць практыку кансультацый з жыхарамі, якая, дарэчы, з’яўляецца абсалютнай нормай паводле беларускага заканадаўства.

Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі