"Чарнобыльскі шлях-2012" (онлайн, фота, відэа)

Фотарэпартаж з "Чарнобыльскага шляху" ў Мінску

У Мінску затрымалі дзяўчыну, якая з гаўбца вітала сцягам шэсце

Міліцыянты прыйшлі ў кватэру Валянціны Двараковай, завезлі яе ў пастарунак, дзе ў дзяўчыны знялі адбіткі пальцаў.

Супраць яе склалі пратакол за "парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў" (так яны ацанілі бела-чырвона-белы сцяг у яе руках) і адпусцілі. Паводле звестак праваабаронцаў, агулам пасля акцыі ў сталіцы былі затрыманыя каля 40 чалавек. Восем расіянаў і дзве беларускі неўзабаве былі адпушчаныя.

Сярод тых, хто заставаўся ў ліку 30 чалавек у Савецкім РУУС — Мікола Дземідзенка, Міхась Мускі, Раман Васільеў.

21.41. Тэлеканал "Беларусь-1" адзначае, што на акцыі апазіцыі было "ўсяго 500 чалавек". І таму, каб "кампенсіраваць" дэфіцыт людзей, да "Чарнобыльскага шляху" далучыліся прадстаўнікі сэкс-меншасцяў...

21.25. БелаПАН удакладняе, што падчас акцыі былі затрыманыя восем грамадзян Расіі з маладзёжнага "Яблока". У РУУС Цэнтральнага раёна ў іх праверылі дакументы і адпусцілі.

20.50. Мітынг скончыўся. Прысутным прапанавалі прайсці да каплічкі ў памяць ахвяраў чарнобыльскай катастрофы, каб ускласці кветкі і запаліць свечкі.

Удзельнікі акцыі прынялі рэзалюцыю "Чарнобыльскага шляху". У ёй тры пункты: Свабоду палітвязням! Не — будаўніцтву АЭС! Свабодныя выбары!

20.37. Як стала вядома Еўрарадыё, затрыманне адбылося каля Макдональдса на плошчы Бангалор. У два мікрааўтобусы былі закінутыя 12-15 чалавек. Калі асноўная частка дэманстрантаў зайшла ў парк Дружбы народаў, а хвост калоны яшчэ знаходзіўся на ходніках, на групу людзей наляцелі міліцыянты. Сярод затрыманых ёсць грамадзяне Расіі, якія ішлі пад сцягамі "Яблока". Як паведамляе Алесь Пілецкі, расіяне ішлі да плошчы Бангалор, але да самога парку не дайшлі.

20.28. Перад прысутнымі ўжо прамаўлялі старшыня аргкамітэта па правядзенні "Чарнобыльскага шляху" Юрый Хадыка, актывістка экалагічнага руху Таццяна Новікава, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Адбылася хвіліна маўчання.

20.22. Праз адсутнасць гукаўзмацняльнай апаратуры мітынг можа быць кароткім, распавядае наш карэспандэнт Алесь Пілецкі:

pilecki.mp3

20.20. Пачынаецца мітынг. У парку Дружбы народаў гучыць чарнобыльскі звон. Тым часам з'явілася непацверджаная інфармацыя пра затрыманне групы масквічоў з моладзевага "Яблока", якія ішлі сярод дэманстрантаў са сваімі сцягамі. Іх, нібыта, затрымалі і закінулі ў аўтазакі. Еўрарадыё правярае гэтую інфармацыю.

20.10. Міліцыянты не прапускаюць за агароджу дваіх актывістаў з мегафонамі, распавёў Еўрарадыё Віктар Івашкевіч. Аднак, як мінімум, адзін мегафон пранесці ўдалося, ён — на сцэне.

Зміцер Каспяровіч спрабаваў пранесці за агароджу расцяжку "Не — АЭС", міліцыянты яе адабралі і выкінулі ў сметніцу, паведамляе "Наша ніва".

20.05. Усе дэманстранты ўжо знаходзяцца ў парку Дружбы народаў. Іх не менш тысячы чалавек.

19.52. У парку Дружбы народаў месца правядзення мітынгу агароджанае турнікетамі, стаяць металашукальнікі. Там знаходзяцца спецназаўцы, якія чакаюць прыходу дэманстрантаў. Яны ж затрымліваюцца.

19.42. Удзельнікі "Чарнобыльскага шляху" падыйшлі да плошчы Бангалор. У калоне людзей паменела — не ўсе дэманстранты захацелі ісці на гэтае звыклае месца правядзення дазволеных уладамі акцый, паведамляе Зміцер Лукашук:

120426 Lukashuk3S.mp3

19.30. Калона затрымалася каля ўніверсама "Рыга". Людзі пераходзяць вуліцы малымі групамі. Падлічыць агульную колькасць дэманстрантаў пакуль немагчыма, паведамляе Зміцер Лукашук. На запланаваны час пачатку мітынгу ў 19.30 у парк Дружбы народаў яны ўжо спазняюцца.

120426 Lukashuk2S.mp3

19.14. Калона ўдзельнікаў "Чарнобыльскага шляху" пераходзіць вуліцу Якуба Коласа. Яна павольна рушыць да парка Дружбы народаў.

19.00. Да калоны далучыліся прадстаўнікі сэкс-мяншыняў.

18.45. ДАІ суправаджае калону. Дэманстранты ідуць па ходніках.

18.40. Калона ідзе па вуліцы Сурганава. Дэманстранты скандуюць лозунгі з патрабаваннем вызвалення палітвязняў.

18.32. Калона рушыла ў бок вуліцы Сурганава. У ёй каля тысячы чалавек. Сябры кампаніі "Гавары праўду" згарнулі свае сцягі і транспаранты. Яны заявілі, што на Бангалор арганізавана не пойдуць. Аднак, хто хоча, няхай ідзе.

18.20. На месцы збору загучаў Чарнобыльскі звон, які прынеслі ўдзельнікі.

18.16. Сабралося каля 300 чалавек, сярод якіх актывісты Партыі БНФ,
аргкамітэта БХД, "Еўрапейскай Беларусі" ды іншых партый і арганізацый,
паведамляе Зміцер Лукашук.

120426 Lukashuk S.mp3

18.10. Удзельнікі акцыі трымаюць расцяжкі "Не — АЭС", "Чарнобыль — наш боль", "Мірным атам не бывае".

18.08. Як паведамляюць у сацыяльных сетках, цягнікі на станцыі метро "Акадэмія навук" не спыняюцца.

18.03. Як паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё Зміцер Лукашук, як і на Дзень Волі, на пляцоўку каля Акадэміі Навук, дзе адбываецца збор удзельнікаў, можна прайсці толькі прайшоўшы агляд міліцыянтамі. Уся яна агароджана.

Сабраліся ўжо 100-150 чалавек. Сярод прысутных — Мікола Дземідзенка, Віталь Рымашэўскі, Зміцер і Вольга Бандарэнкі, Генадзь Бураўкін, Віктар Карняенка.

17.10. У Брэсце адбыліся затрыманні за распаўсюд інфармацыі пра Чарнобыль

Пра гэта паведаміў каардынатар грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” па Брэсцкай вобласці Ігар Маслоўскі.
120426 Maslouski.MP3
Ігар Маслоўскі: "Затрымалі актывістаў “Гавары праўду” Марата Несцярэнку і Алеся Ахмача. Як дазволена законам, Канстытуцыяй, яны распаўсюджвалі інфармацыю з нагоды 26-х угодкаў аварыі на ЧАЭС. На тумбах у цэнтры горада расклейвалі тэкставыя матэрыялы з надпісам “Ад Астраўца да Чарнобыля адзін крок”.

Пазней на іх склалі пратаколы апытання і адпусцілі.

Фота — atomby.net

16.50. Паўла Вінаградава зноў адправілі за краты, на гэты раз на 5 сутак

Савецкі раённы суд сталіцы сёння прызнаў яго вінаватым у "дробным хуліганстве".

Адзін з лідараў маладзёжнага крыла кампаніі "Гавары праўду" быў затрыманы 25 красавіка. Сведкамі ў судзе выступалі міліцыянты.

Нагадаем, што 10 красавіка супраць Вінаградава ўвялі рэжым прэвентыўнага нагляду на два гады. У сераду ён пайшоў у міліцыю, каб стаць на ўлік, аднак у Маскоўскім РУУС яго затрымалі.

Ад пачатку года Павел Вінаградаў правёў у турме на Акрэсціна ўжо 25 сутак.

Фота — bymedia.net

16.21. У Мінску затрыманы асіповіцкі актывіст Ігар Сімбіроў

Ён прыехаў на "Чарнобыльскі шлях" з Асіповіч. Як толькі Сімбіроў выйшаў з электрычкі на яго накінуліся людзі ў цывільным, заламалі рукі і пацягнулі ў машыну.

Яго абвінавацілі ў брыдкаслоўі. Суд Кастрычніцкага раёна асудзіў Сімбірова на 10 сутак арышту.

 15.29. Маладафронтаўца, затрыманага з расцяжкай да акцыі, асудзілі на трое сутак

Змітра Станкевіча затрымалі позна вечарам у сераду на ўваходзе на станцыю метро "Інстытут культуры".

Пры сабе ён меў расцяжку да вулічнай акцыі "Чарнобыльскі шлях". 26 красавіка суд Маскоўскага раёна сталіцы асудзіў Змітра Станкевіча на трое сутак арышту за "дробнае хуліганства", інфармуе сайт spring96.org.

15:08. Кіраўнік Беларусі супакойвае: пра другую АЭС ён сказаў паўжартам

Пытанне будаўніцтва ў Беларусі другой атамнай электрастанцыі пакуль неактуальнае.

Такую заяву сёння зрабіў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання рэгіёнаў, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы. Паводле яго словаў, аказваецца, раней ён сказаў паўжартам, што "някепска было б... пабудаваць другую АЭС" і каб Расія дапамагла тэхналогіямі.

"Калі б на ўмовах, як Расія ў нас будуе гэтую станцыю, была б пабудавана яшчэ адна атамная станцыя на другой пляцоўцы (у Магілёўскай вобласці), мы б былі значна больш заможнымі, таму што мелі б поўную энергетычную бяспеку, знікла б залежнасць па электраэнергіі", — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што інвестарам маглі б быць не толькі расіяне, але і "японцы, карэйцы, французы з немцамі, амерыканцы".

Фота — grodnonews.by

11:47. Анатоль Лябедзька: У Варшаву было даехаць прасцей, чым у Астравец

Так ацаніў сённяшнюю паездку лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі .

Прадстаўнікі АГП сёння наведваюць Астравец, каб паразмаўляць з мясцовымі жыхарамі наконт будаўніцтва АЭС. Па дарозе іх двойчы спынялі — у Смаргонскім раёне і каля Ашмянаў:
120426 Labedzka-sinchron.mp3
Лябедзька: "Рыхтаваліся не толькі мы да гэтай паездкі — рыхтаваліся і КДБ, і міліцыя. Нас ужо двойчы спынялі. Першы раз — каля Крэва. І тое, што нас чакалі, не выклікае сумневаў, бо яны кінулі ўсе свае справы, бегма пабеглі да машыны, ускочылі ў яе і з мігалкамі нас даганялі па дарозе".

Сёння ўвечары, аднак, апазіцыянеры мяркуюць вярнуцца ў Мінск на Чарнобыльскі Шлях. Тамсама мае выступіць астравецкі актывіст Мікалай Уласевіч, які выступіць супраць пабудовы АЭС.

Фота — belsat.eu

09:06. У кватэру Міколы Дземідзенкі ломяцца міліцыянты

Пра гэта маладафронтавец паведаміў у сваім фэйсбуку. Тэлефон Дземідзенкі адключаны.

Нагадаем, што сёння ў Мінску пройдзе "Чарнобыльскі шлях". Мікола Дземідзенка — адзін з заяўнікаў акцыі.

Фота — svaboda.org

***

Акцыя, дазволеная мінскімі ўладамі, збярэцца каля прэзідыума
Акадэміі навук. Адтуль у 18.30 шэсце пройдзе па вуліцы Сурганава да парку
Дружбы Народаў. Там у 19.30 пачнецца жалобны мітынг.

Сёлетняя акцыя, як мяркуецца, будзе скіраваная супраць
будаўніцтва АЭС пад Астраўцом.