У Мінску пройдзе першы некамерцыйны рок-аўкцыён

110928 Malina Sendvi4.mp3

20 кастрычніка ў клубе Doodah King адбудзецца першы ў Беларусі канцэрт-аўкцыён пад назвай "Music Sandwich". Асноўная ідэя гэтага канцэрта – прыцягнуць увагу людзей, каб яны не проста прыходзілі паслухаць гурты, а мелі шанец стаць своеасаблівымі ўдзельнікамі. Але, па словах арганізатара мерапрыемства JimWinа, сам аўкцыён будзе цалкам некамерцыйным.

JimWin: "Падчас выступу будзе праходзіць рок-аукцыён. То бок любы чалавек можа прынесці любую рэч, звязаную з музыкай, гэта можа быць дыск, напульснік, байка, карацей, што заўгодна. І паміж выступамі гуртоў кожны чалавек можа выйсці на сцэну і прапанаваць гэтыя рэчы абмяняць. То бок ніякай камерцыі, ніякіх грошай, проста абмяняцца па прыколе".

Паводле правілаў аўкцыёна, дазволена рэкламаваць і расхвальваць свае рэчы, расказваць пра іх гісторыі і самастойна выбіраць прадметы для абмену. Выступяць на канцэрце гурты Clover Club, Avias, Harotnica ды 2Morrow2Late, дарэчы, назва "Музычны сэндвіч" цалкам апраўдваецца стылістычным непадабенствам гэтых калектываў.

"Таму мы і называем гэта сэндвіч, бо сэндвіч сам сабою вельмі рознафарматны, – працягвае арганізатар і вакліст 2Morrow2Late. – Але я б не сказаў, што музыка моцна адрозніваецца. Ну, так адзін калектыў будзе з больш цяжкімі гітарамі, а іншы з меднымі інструментамі. А насамрэч, мы ўсе сябры, даўно ведаем адно аднаго, любім і ведаем, што граем добрую музыку. У нас мэта была зрабіць канцэрт, у якім возьмуць удзел толькі добрыя гурты, не будзе пачаткоўцаў, а больш-менш сфармаваныя калектывы. Ну, і каб разнапланавыя былі, каб атрымаўся сапраўдны сэндвіч".

Калі першы канцэрт-аўкцыён будзе добра ўспрыняты публікай, то арганізатары плануюць зрабіць яго рэгулярным і дадаць яшчэ выставы фотакартак, карцін ды розных хэнд-мэйд рэчаў. Кожны чалавек, які паўдзельнічае ў аўкцыёне, атрымае 50% зніжку на наступны канцэрт "Music Sandwich". Зараз жа квіткі каштуюць 20 тысяч.

Фота з архіва гурта Clover Club

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі