У Мінску грузчык можа зарабіць 2,5 мільёны ў месяц

Вакансій грузчыкаў у Мінску шмат. Імі запоўненыя тэматычныя сайты і заклееныя дзверы разнастайных крамаў. Еўрарадыё высветліла, наколькі проста ўладкавацца на такую працу выпускніку ВНУ без досведу працы і колькі можна зарабіць.
“Вам трэба з дакументамі — пашпарт, працоўная, ваенны білет, дакументы аб адукацыі — пад’ехаць у аддзел кадраў. Ад 1,2 мільёна да 1,8. Розныя графікі. Усё па 12 гадзін”, — распавялі ў аддзеле кадраў гандлёвай сеткі “Еўраопт”. Нядрэнна, калі ўлічыць, што касіры-пачаткоўцы і прыбіральшчыцы ў “Еўраопце” зарабляюць у раёне мільёна рублёў.
Знайшліся вакансіі грузчыкаў і на мінскім віна-гарэлачным заводзе “Крышталь”. Там супрацоўніку з гуманітарнай вышэйшай адукацыяй нават адразу паабяцалі магчымасці кар’ернага росту. Праўда, заробак таксама не вельмі — усяго паўтара мільёны рублёў.
“Крышталь”: “Гуманітарная? То пад’язджайце. Акурат, магчыма, атрымаецца на матэрыяльны склад з перспектывай нейкага роста. Мы пакрысе адкрываем лагістычны цэнтр вялікі. Таму пад’язджайце. Здаецца, паўтара там, не менш”.
Прыкладна столькі ж на “Крышталі” атрымоўваюць і іншыя некваліфікаваныя рабочыя. 
Самы вялікі сюрпрыз чакае жадаючых папрацаваць на мінскім прадпрыемстве “Віталюр”, якое займаецца гандлем алкаголем ды рыбай, а заадно аказвае транспартныя паслугі. Грузчык там зарабляе ў чатыры разы больш за маладога настаўніка — амаль 2,5 мільёны рублёў.
“Віталюр”: “Грузчыкі таксама патрабуюцца. Узроставыя патрабаванні — да 45. Яшчэ патрабаванне — без медыцынскіх супрацьпаказанняў. Таму што будзе патрэбная санітарная кніжка. Заработную плату атрымоўваеце раз у месяц. Яна рэальная. Графік — тры праз два з 9.00 да 22.00. Па 13 гадзін. Адсюль такі заробак”.
Дарэчы, на “Віталюры” нават прыбіральшчыца можа разлічваць на месячны заробак, большы за два мільёны. А ў дадатак да высокага прыбытку — бясплатная кавярня і трэнажорная зала.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі