У Маскве памерла оперная легенда Галіна Вішнеўская

З 1952 па 1974 год Галіна Вішнеўская была салісткай Вялікага тэатра. На яго сцэне яна праспявала каля 30 партый. Вішнеўская таксама шмат гастралявала. У снежні 1959 года яна ўпершыню вылецела на гастролі ў ЗША з Дзяржаўным сімфанічным аркестрам.

У 1969 годзе Галіна Вішнеўская і яе муж славуты музыка Мсціслаў Растраповіч прытулілі ў сябе на лецішчы Аляксандра Салжаніцына. Гэта выклікала незадавальненне савецкіх уладаў, і сям'ю пачалі пераследаваць. У 1974 годзе Вішнеўская і Растраповіч былі вымушаныя выехаць за мяжу, а ў 1978 годзе іх пазбавілі савецкага грамадзянства. Вярнулі яго толькі праз 12 гадоў.

Апошнім часам яна кіравала заснаваным ёю Цэнтрам оперных спеваў у Маскве, адзначае ВВС. Таксама Галіна Вішнеўская была старшынёй журы адкрытага конкурсу оперных артыстаў.

Фота Галіны Вішнеўскай і Мсціслава Растраповіча — liveinternet.ru