У Брэсце ў другі раз абмеркавалі Генплан развіцця гораду да 2030 года

У камісію па абмеркаванні паступілі 22 прапановы. Сярод іх некалькі ад доктара урбаністыкі Ірыны Лаўроўскай. Спадарыня Лаўроўская патлумачыла:

“Я задаволена тым, як зрэагаваў на абмеркаванне гарадскі Савет дэпутатаў. Бо мела інфармацыю, што хочуць правесці закрытае абмеркаванне. Цяпер ведаю, што старшыня Савета ўчора  даручыў абтэлефанаваць усіх, хто падаў прапановы. Яны былі разгледжаныя і або прынятыя, або было нейкае кампраміснае рашэнне”.

Большасць прапаноў тычылася лёсу садовых таварыстваў, якія апынуліся ў рысе горада  або ў прамысловай зоне, вела- і аўтатранспарту, забудовы паўднёвай часткі горада. Не знайшла разумення ідэя захавання малапавярховай забудовы самабытнага раёна Кіеўка, сказала Ірына Лаўроўская. 

Ёсць перспектыва захаваць  калонію Варбурга — ансамбль драўляных васьмікватэрных дамоў, пабудаваных да вайны на грошы яўрэйскай арганізацыі “Джойнт” па 1-ым Мінскім завулку. Адзін з варшаўскіх інстытутаў хоча нават склікаць моладзь з усяго свету, каб аднавіць калонію.

Жвавую дыскусію выклікала прапанова захаваць старажытнае славянскае капішча ў былым гарадскім парку на беразе Мухаўца. “Мы ж не можам быць горш за рускіх, якія пры пабудове крэпасці не чапалі гэтага месца”, — сказаў адзін з экспертаў.

Нагадаем, першае абмеркаванне, аб’яўленае і нібыта праведзенае ў верасні, было вельмі фармальным і выклікала пратэсты. З 17 кастрычніка па 10 лістапада гарвыканкам зладзіў другое.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі