Прысуд па справе беларускага палітуцекача ў Беластоку агучаць 21 снежня

Суд над палітуцекачом цягнецца ўжо 12 гадоў. За гэты час справа Жукаўца разраслася да 90 тамоў з 16949 старонкамі. Каб прывезці гэтыя дакументы, супрацоўніцы суда спатрэбілася каляска (на здымку).

Вось што распавёў Еўрарадыё Андрэй Жукавец: "Суд скончыўся. А 21-га [снежня] будзе проста прысуд... Суддзя палічыў, што вельмі такая цяжкая справа. Таму, згодна з заканадаўствам, ён можа яшчэ на 7 дзён адкласці абвяшчэнне прысуду...".

Жукавец адзначае, што на суддзю, відаць, паўплывала прамова варшаўскага адваката, якая цягнулася каля гадзіны. Адвакат назваў працэс "нелегальным" і казаў пра фальсіфікацыі доказаў беларускім следствам ды прыводзіў канкрэтныя прыклады.

Нагадаем, што прадпрымальнік Андрэй Жукавец у Беларусі матэрыяльна падтрымліваў "Малады фронт" і праваабаронцаў. У 1999 годзе Жукавец з'ехаў з Беларусі і папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. Беларусь дамагаецца выдачы прадпрымальніка (яго вінавацяць у фінансавых махінацыях).