Твіты, за якія сядаюць у турмы

5 лютага мікраблогер з Кувейта асуджаны на 10 гадоў турмы за знявагу эміра і заклікі да звяржэння рэжыму. Арсан аль-Рашадзі стаў другім за тры дні кувейтцам, які трапіў у турму за твіты. Перад ім 5 гадоў — таксама за знявагу эміра — атрымаў яшчэ адзін тамтэйшы апазіцыянер, Мухамед Эйд аль-Аджмі.

Еўрарадыё сабрала твіты, якія прыводзілі сваіх аўтараў за краты.

Вось такія фахітас

25 жніўня 2011 года ў Мексіцы журналістка Марыя Пагола і настаўнік матэматыкі Гілберта Вера твіцяць пра нападзенне баевікоў з мясцовага наркакартэлю на школу горада Веракрус. Паведамленні з папулярным хэштэгам #verfollow (ад Verakruz і follow — сачыць, ісці следам) выклікаюць у горадзе паніку. BBC паведамляе, што Пагола і Вера абвінавачаныя ў тэрарызме, за гэта ім пагражае 30 гадоў зняволення. Але тут плынь навінаў з Мексікі абрываецца. Мяркуючы па тым, што сёння Марыя Пагола (@MARUCHIBRAVO) і Гілберта Вера (@gilius_22) рэгулярна пішуць у “Твітар”, за краты блогеры ўсё ж не трапілі.

140 алімпійскіх сімвалаў

Два твітар-скандалы адбыліся падчас Алімпійскіх гульняў 2012 года.

17-гадовы брытанец арыштаваны пасля абразлівага запісу ў бок брытанскага ж скакуна ў ваду. Том Дэйлі вельмі спадзяваўся на медаль у сінхронных скачках і збіраўся прысвяціць яго бацьку, які напярэдадні памёр ад рака. Але ў выніку ён заняў 4 месца. У той жа дзень Дэйлі атрымаў у “Твітары” паведамленне "Ты вельмі падвёў свайго бацьку. Спадзяюся, ты гэта ведаеш". 18-гадовы скакун публічна абурыўся: "Я аддаў усе сілы, і пасля гэтага вы, ідыёты, пішаце мне такое..."

За дзень да таго з Алімпіяды з пагардай выгналі швейцарскага футбаліста Мішэля Марганэлу. Швейцарыя прайграла Паўднёвай Карэі. У адказ гулец па поўнай “абклаў” нядаўніх сапернікаў... Цяпер мікраблог @morgastoss выдалены.

Зялёны тэрор

У 2012 годзе ісламісты пачынаюць супраць карыстальнікаў “Твітара” сапраўдны "зялёны тэрор".

13 лютага 2012 года ў Саудаўскай Аравіі арыштоўваюць 23-гадовага журналіста Сауда Кашгары. За знявагу ісламу яму пагражае смяротнае пакаранне. У "тых самых" твітах Кашгары звяртаецца да прарока Магамета: "У твой дзень нараджэння я не пакланюся табе. Я не пацалую руку тваю. Я пацісну яе, як роўнаму, і ўсміхнуся табе, як ты ўсміхаешся мне. Я буду размаўляць з табой, як сябар, але не больш". У “Твітары” журналіст атрымлівае больш за 30 тысяч адказаў, сярод якіх ёсць і пагрозы. А ў “Фэйсбуку” адразу ж ствараюць групу з заклікам пакараць яго смерцю.

У жніўні 2012 года Кашгары з-за кратаў звяртаецца да Магамета ў вершах. Па звестках Saudi Gazette, журналіст дагэтуль знаходзіцца ў турме.

4 чэрвеня кувейцкі суд карае 10-цю гадамі зняволення 26-гадовага араба Хамада аль-Накі. Адвакат блогера пракаментаваў прысуд як "не самы горшы з магчымых". Шыіт па веравызнанні, аль-Накі карыстаўся “Твітарам”, каб крытыкаваць суніцкіх манархаў Саудаўскай Аравіі і Бахрэйна. За яго апусцелым мікраблогам да гэтай пары сочыць 3,9 тысячы чалавек.

10 ліпеня 2012 года вядомага праваабаронцу Набіля Раджаба арыштоўваюць. З дома яго на тры месяцы перавозяць у турму. Да зняволення яго прысудзілі за твіт пра прэм'ер-міністра Бахрэйна, якога Раджаб папрасіў сысці ў адстаўку праз нездавальняючую працу.

7 лістапада 2012 года ў Кувейце за апазіцыйныя твіты арыштоўваюць прадстаўнікоў каралеўскай сям'і аль-Сабах. Шэйхі Абдула Салем і Наваф Малек падтрымалі вулічныя выступленні супраць зменаў у закон аб выбарах, якія напярэдадні зацвердзіў урад Кувейта. Праз тры дні шэйхаў выпусцілі. СМІ рэгіёна тым часам прыгадалі, што ўлетку за крамольныя паведамленні ў сацсетках быў затрыманы яшчэ адзін шэйх з сям'і аль-Сабах — Месхаал аль-Малек.

Пільныя тайцы і смелы кітаец

Не грэбуе карыстальнікамі “Твітара” і кітайская паліцыя. 22 лістапада 5 гадоў турмы за неасцярожны жарт атрымлівае блогер Цай Сіабін. Напярэдадні 18-га з'езда Камуністычнай партыі Кітая ён напісаў твітамі сцэнарый сапраўднага фільма жахаў з удзелам дэлегатаў:

"Пункт прызначэння 6" хутка на вашых экранах. Дом народных сходаў абрынецца на галовы двух тысяч дэлегатаў, з іх выжывуць толькі сямёра, але пасля смерць прыйдзе да кожнага з іх самым вычварэнскім чынам. Што гэта: гульня Бога ці гнеў Смерці? Як містычнай лічбай 18 можна адкрыць брамы пекла? Не прапусціце прэм'еру 8 лістапада!"


Ну што тут зробіш, калі ён сам нарываецца?

Непадалёк, у Тайландзе забараняюць перадвыбарную агітацыю ў “Твітары” падчас "дня маўчання". “Твітар” і Facebook маніторыць сотня паліцэйскіх. Парушэнне забароны караецца штрафам у 10 тысяч батаў (каля 300 долараў) ці 6 месяцамі турмы.

Вось дзе пісаць у “Твітар” — сапраўды дарагое задавальненне!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі