Turkmenistan Airlines: Пытанне продажу Boeing-767 — сакрэтная інфармацыя

120530 Luka6uk Prezilet.mp3

Перамовы аб набыцці беларускім бокам самалёта Boeing-767-300ER былога прэзідэнта Туркменістана Сапармурата Ніязава вяліся. Гэта Еўрарадыё пацвярджаюць у Turkmenistan Airlines.


Turkmenistan Airlines: “Гэта пытанне вельмі было такім... скурпулёзным і на такім узроўні не вырашалася, на маім узроўні. Прадалі ці не прадалі, я не магу на гэта адказаць. Дзіка выбачаюся, але гэта сакрэтныя дакументы авіякампаніі”.


Іншы супрацоўнік Turkmenistan Airlines дае зразумець, што пытанне продажу магло мець станоўчы вынік.


Turkmenistan Airlines: “Я не магу без дазволу кіраўніцтва такія звесткі выдаваць, разумееце. Можа, гэта сакрэт, а я выдаю вам сакрэт, я не магу так вось сказаць. Але я вам і так ужо шмат сказала”.


У міжнародным авіяцыйным рэестры наступны запіс: "Boeing 767-32K 33968 926 EW-001PB Belavia ferried 08 may 12 ASB-SAW, for VIP use ex EZ-A700". У гісторыі самалёта пазначана, што ён перайшоў на баланс "Белавія" ад Turkmenistan Airlines і прызначаны для пералётаў VIP-асоб. Выглядае на тое, што гэта менавіта VIP-Boeing памерлага Туркменбашы Сапармурата Ніязава.


Але намеснік генеральнага дырэктара "Белавіа" Ігар Чаргінец ухіляецца ад адказу на пытанне пра гэты запіс.


Ігар Чаргінец: “Камерцыйных самалётаў 767 (Boeing-767-300ER) у нас няма”.


Еўрарадыё: “А некамерцыйных?”


Ігар Чаргінец: “Астатнія пытанні — гэта эксплуатацыя ўрадавых самалётаў. Калі ласка, звяртайцеся ва Упраўленне справамі прэзідэнта — яны адказваюць за ўсе астатнія самалёты ў Беларусі”.


Нічога пра новы паветраны транспарт для кіраўніка Беларусі не ведае і прэс-сакратар прэзідэнта Павел Лёгкі.


Павел Лёгкі: “Я не валодаю ніякай інфармацыяй наконт таго самалёта, пра які вы кажыце. Я магу канстатаваць толькі той факт, што ў Маскву не так даўно мы лёталі на 737 Boeing”.


Еўрарадыё: “І размоваў наконт таго, што хутка перасядзем на новы самалёт, у вас няма?”


Павел Лёгкі: “Прынамсі, у прэс-службе такіх размоваў няма!”



Дарэчы, самалёт, на якім зараз лётае Аляксандр Лукашэнка, зарэгістраваны ў Дэпартаменце па авіяцыі Міністэрства транспарта і камунікацый. А вось Boeing-767-300ER там пакуль не рэгістравалі, распавядаюць Еўрарадыё ў Аддзеле перавозак, сертыфікацыі, рэгістрацыі і знешнеэканамічных сувязяў.


Дэпартамент па авіяцыі: “Пакуль інфармацыі па гэтым (Boeing-767-300ER) у мяне няма”.


Еўрарадыё: “Менавіта па гэтым VIP-самалёце?”


Дэпартамент па авіяцыі: “Так”.


Паводле інфармацыі charter97.org, кошт Boeing-767-300ER на міжнародным рынку складае ад 124 да 160 мільёнаў долараў у залежнасці ад мадыфікацыі. "Боінг" Ніязава быў эксклюзіўна зроблены ў VIP-варыянце: у салоне натуральная скура і каштоўныя пароды дрэў, а сантэхніка ў душы і прыбіральні зробленая з выкарыстаннем каштоўных металаў і камянёў.


Дарэчы, прэзідэнт Латвіі Андрыс Берзіньш свайго самалёта не мае. Лётае разам са звычайнымі пасажырамі на камерцыйных рэйсах авіякампаніі АirBaltic. На рэйсавых самалётах лётае і прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ. Прычым па Еўропе — эканом-класам, па-за кантынентам — бізнэс-класам. Не мае свайго самалёта і прэзідэнт Фінляндыі Тар’я Халонен.

   Прэзідэнт Фінляндыі ляціць разам з іншымі пасажырамі рэйса Нью-Йорк Хельсінкі

І ў Польшчы ўлады вырашылі адмовіцца ад уласнага авіяпарку, які быў расфармаваны 31 снежня 2011 года пасля трагедыі з Лехам Качынскім. Цяпер усе вышэйшыя кіраўнікі Польшчы лётаюць самалётамі авіякампаніі LOT. Экс-прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў лётаў на самалёце Ил-96-300ПУ RA-96016, зробленым у 2003 годзе па замове Уладзіміра Пуціна. Ва Украіне для палётаў прэзідэнта да апошняга часу выкарыстоўвалі расійскі самалёт Ил-62. Але ёсць інфармацыя, што кіраўніцтва краіны займела новы Airbus А-319, дзе знайшлося месца і пазалочанаму ўнітазу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі