Каго і за што на мяжы могуць "паглыблена" праверыць мытнікі?

120528 Luka6uk Mytnia.mp3

Пад “паглыблены кантроль” мытнікаў на беларуска-літоўскай мяжы патрапіла журналістка Марына Коктыш, якая 26 траўня вярталася з канферэнцыі “Будучыня Беларусі”. Прычым ініцыятарамі асабістага дагляду выступілі... памежнікі.


Марына Коктыш: “Дзяўчына-памежніца ўзяла пашпарт, засунула ў свой бартавы камп'ютар, там ёй нешта не спадабалася і яна прамовіла ў рацыю: “Увага! Другі вагон” — і адразу прыляцелі мытнікі. Мытнікі папрасілі запоўніць дэкларацыю і сказалі, што яны вымушаныя правесці асабісты дагляд рэчаў”.


Паводле слоў журналісткі, яна была адзінай, каго ў той дзень знялі з цягніка Вільня-Мінск і павялі на асабісты дагляд. Кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка сцвярджае, сітуацыя гэта звычайная — штодня на мяжы “паглыблена” даглядаюць вельмі шмат людзей і аўтамабіляў.


Аляксандр Цішчанка: “Мільёны перасякаюць мяжу — дзесьці разы ў тры больш, чым жыве ў Рэспубліцы Беларусь. Можаце ўявіць, які адсотак дагляду! Ну, а як выяўляць нейкія парушэнні?! Так, бывае халасты кантроль, а бывае і выніковы, так што...”


А ў тым, што ўвагу мытнікаў да нейкага чалавека прыцягвае памежнік, няма нічога дзіўнага, тлумачыць Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Мытнага камітэта Ігар Пяшко.


Ігар Пяшко: “На супрацоўнікаў Памежнага камітэта і Мытнага, у прынцыпе, ускладзены шэраг блізкіх задач — барацьба з кантрабандай найперш. Калі ў іх ёсць падазрэнні, што можа перамяшчацца кантрабанда ці ёсць нейкая аператыўныя інфармацыя, то яны будуць з намі ўзаемадзейнічаць”.


У адпаведнасці са словамі Цішчанкі, прыцягнуць увагу памежніка да нейкага чалавека можа тое, што ён часта выязджае за мяжу. А яшчэ — калі ён раней пападаўся на парушэнні мытнага ці памежнага заканадаўства. І сам пераводзіць размову на сітуацыю з Марынай Коктыш.


Аляксандр Цішчанка: “Базы могуць паказаць, што прыцягваўся, часта перасякае, таму для прафілактыкі могуць чалавека накіраваць на “паглыблены дагляд”. І, па-мойму, Марыну прыцягвалі да адказнасці. Я памятаю, як яна пісала, што ў яе былі праблемы з машынай, яшчэ нешта такое”.


“Праблемы з машынай” у Марыны сапраўды былі — тры гады таму ў “Каменным логу”. Але гэта быў той самы “халасты кантроль”.


Марына Коктыш: “Быццам бы яна была ў міжнародным вышуку і яе забралі на экспертызу. Але потым высветлілася, што з дакументамі ў яе ўсё ў парадку. Пасля той сітуацыі я выязджала за мяжу не аднойчы, і ніколі не ўзнікала ніякіх праблемаў”.


Прадстаўнік Памежнага камітэта раіць не шукаць у “паглыбленым кантролі” ніякіх палітычных матываў. Але што рабіць чалавеку, якога знялі на “паглыблены дагляд”, а за гэты час цягнік ці аўтобус паехалі далей? Калі такое здарылася на аўтамабільным памежным пераходзе, тлумачыць Ігар Пяшко, то мытнікі могуць падсадзіць “дагледжанага” на спадарожны аўтамабіль. На чыгуначным квітку ставяць адпаведную пячатку — і ў касах яго памяняюць на квіток бліжэйшага цягніка. Розніцу давядзецца даплаціць, калі наступны цягнік фірменны.


Дарэчы, паводле слоў прадстаўнікоў Памежнага і Мытнага камітэтаў, тлумачыць “турысту” прычыну “паглыбленага дагляду” яны не абавязаныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі