“Траўмы маглі з'явіцца ад падзення на плоскасць з вышыні ўласнага росту”

Лебядзінскую затрымалі 11 красавіка. На адкрыццё помніка на "Кастрычніцкай" яна прыйшла з кветкамі і плакатам: "Дзяржава адмовіла ў дапамозе". Як распавядалі відавочцы, супрацоўнік міліцыі груба вырваў плакат з рук жанчыны. Але затрымоўваць не стаў. Гэта адбылося пазней.

"Я спакойна сядаю ў метро. Выхаджу ў сябе на "Спартыўнай". Тут мяне кліча міліцыянер. Пытаецца дакументы, маўляў, арыенціроўка на жанчыну ў чырвоным ёсць. Ён быў у форме, я яму даю пашпарт, ён бярэ яго, аддае мне ў рукі і сыходзіць. Я нават не паспела яго ў сумку пакласці, як падлятаюць двое голеных мужыкоў, выхопліваюць у мяне пашпарт, і кажуць, што я павінна з імі праехаць", — яшчэ ў сярэдзіне красавіка жанчына распавядае Еўрарадыё, як усё адбывалася.

А цяпер з міліцэйскай праверкі даведваецца, што насамрэч яе затрымалі і адвезлі ў міліцыю, каб высветліць асобу, бо жанчына не мела з сабой пашпарта! Алена Лебядзінская прачытала пра гэта ў матэрыялах праверкі, так патлумачылі міліцыянты:

"Яны тлумачаць, што ім паступіў сігнал праверыць дакументы, высветліць асобу, яны ветліва падышлі, я ім сказала, што не маю пашпарта. І пагадзілася з імі праехаць у Цэнтральны РАУС".


Але і цяпер яна настойвае, што пашпарт паказвала і мела яго пры сабе. А прычыну затрымання ёй ніхто не тлумачыў.

Міліцыянты кажуць, што затрымлівалі, каб высветліць асобу. А ў выніках той жа праверкі напісана, што а 18 гадзіне супрацоўнікі міліцыі атрымалі загад "выбыць на вуліцу Прытыцкага, каб затрымаць Лебядзінскую, якая ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мітынгу". Гэта пра адкрыццё помніка на "Кастрычніцкай", якое ладзіў гарвыканкам?

Пры затрыманні жанчына атрымала траўмы.

"Яны мне кажуць: пройдзем з намі — а хто вы такія? — там разбярэмся. Ён нейкай паперкай махнуў ружовай, мне падалося, што гэта праязны. Я так спужалася, цёмная машына, мяне цягнуць да яе і роўненька прыкладаюць галавой аб дзверы. Я падаю і б’юся аб парог машыны каленам".

Але ў тлумачэннях міліцыянтаў — зусім іншае. Маўляў, прадставіліся, пашпарта не было, ветліва папрасілі праехаць, яна пагадзілася. Фізічнай сілы не ўжывалі.

Экспертыза выявіла ў жанчыны цялесныя пашкоджанні, якія не прывялі да разладу здароўя. Але ў распачынанні справы жанчыне адмаўляюць, бо, "улічваючы іх характар і размяшчэнне, траўмы маглі ўтварыцца пры падзенні з вышыні ўласнага росту на плоскасць".

Алена Лебядзінская будзе падаваць скаргу. А ў мінскай міліцыі адмовіліся каментаваць сітуацыю і параілі даслаць афіцыйны запыт: магчыма, кіраўніцтва дасць адказ.

Фота: nn.bymazurkevich.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі