“Трапезная” пры Доме міласэрнасці ў пост: “Засталося толькі мяса”

На восьмы дзень Вялікага пасту выпраўляемся ў “Трапезную”  Дома міласэрнасці (установа дзейнічае пры Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы). Тут харчуецца мясцовы персанал. Але на двары стаіць палатка, дзе можа паесці чалавек з вуліцы. Па надпісах “Дом міласэрнасці” і “Трапезная” пазнаем тую саму палатку.

 

― Добры дзень, хочам з’есці посныя абеды, ― вітаемся з мясцовай буфетчыцай, апранутай у белую ўніформу.

― Поснага нічога няма.

 

― А што ёсць?

 

― Засталося толькі мяса па-французску.

Сціплы абед (кавалак мяса, хлеб, гарбата і цукерка) каштуе 25150 рублёў. Калі б прыйшлі раней, маглі б адхапіць яшчэ і боршч з мясам і смятанай, бульбяное пюрэ і салату “Хвілінка”. Карацей, да поснага меню, як да Антарктыды.

 

У гэту палатку мы аддаём 20-25 абедаў, і там ежа арыентавана на будаўнікоў (побач з духоўнай установай будуецца жыллёвы комплекс. ― заўв. Еўрарадыё), ― тлумачаць у “Трапезнай” Дома міласэрнасці.

― А што ў часе пасту ядуць вашы супрацоўнікі?

― Першы тыдзень быў вельмі строгі. А потым настаяцель даў блаславенне для тых, хто працуе: апроч серады і пятніцы, мы даём рыбу.

Поснае меню склалі ў многіх свецкіх установах грамадскага харчавання.

― Суп з брокалі (18 тысяч), тушаная капуста з грыбамі і бульбай (38900), салата “Вясновая” (26500) і салянка з марынаванымі апенькамі (24700), ― рапартуюць пра меню ў мінскім рэстаране “Васількі”.

― Ні рыбы, ні мяса няма. Добра. А алей усё ж ёсць, напэўна, у салаце, так?


― Так, ёсць мядовая заправачка ў салаце. Трошкі алею ў яе дадаецца.

Віцебская епархія Беларскай праваслаўнай царквы зладзіла конкурс для мясцовых устаноў грамадскага харчавання на найлепшае поснае меню. 

Да прыкладу, рэстаран “Шварцвальд” першапачаткова прапанаваў папасціцца ў тым ліку “Шашлычкамі апетытнымі”. Потым меню падкарэктавалі і гэту страву прыбралі.

У меню кавярні “Витебский трактир” знаходзім “Салату з сёмгай і авакада”.

― Зараз ідзе другі тыдзень пасту і сёння вельмі строгі дзень. Выходзіць, з-за рыбы гэтую салату нельга? ― звяртаемся да супрацоўніка “Витебского трактира”.

― Рыбу можна. Яна ў нас не падвяргаецца тэрмічнай апрацоўцы, падаецца ў сырым выглядзе, слабасалёнай. Таму гэтую салату сёння можна.

Выходзіць, што харчавацца ў Вялікі пост у розных месцах прапаноўваюць па-рознаму. І не кожны разбярэцца, што можна есці, а што нельга.

“Хочацца верыць, што ва ўчынках рэстаратараў няма злоўжывання наіўнасцю наведвальнікаў, хоць часам бывае і так, ― разважае прэс-сакратар БПЦ пратаіерэй Сергій Лепін. ― Пост ― гэта час, калі мы адмаўляемся ад яечнага, малочнага і мяснога. Ад усяго, што ўтрымлівае гэтыя прадукты. Ёсць і іншае пытанне: аб’есціся можна і поснымі прадуктамі. Можна адмовіцца ад мяса і замовіць чартарным рэйсам белую рыбу з Канады. Гэта таксама не пост”.

Еўрарадыё: Правілы пасту выглядаюць вельмі строгімі, не кожны можа пратрымацца так доўга. Ёсць дні, калі нельга есці нават варанага, забараняецца любы алей. Рыбу можна спажываць толькі цягам некалькіх дзён.

Пратаіерэй Сергій Лепін: У нас існуе адзін ціпікон (устаў праваслаўнай веры. ― заўв. Еўрарадыё) для ўсіх ― і для манахаў, і для міран. Але існуе і іншы падыход. Тыя ўставы, якія мы маем, былі першапачаткова створаны для манахаў, таму для іх усё застаецца ў строгасці, а міранам робяцца паслабленні. Манахам нельга рыбу, а духоўнікі міранам рыбу есці дазваляюць. Калі манахам увогуле нельга есці, то мы, міране, ядзім, але сціпла, і займаемся сухаядзеннем.

Еўрарадыё: Але як верніку, не заблытаўшыся, вызначыць свой рацыён?

Пратаіерэй Сергій Лепін: Гэта пытанне вернік вырашае разам са сваім духоўнікам. Пост не павінен прыносіць шкоды ― фізічнай і духоўнай. Часам чалавек знаходзіцца ў такім стане маральным і фізічным, што пост у кулінарным сэнсе яму супрацьпаказаны ці рэкамендуецца з паслабленнямі. Пост ― гэта сціпласць і ўпэўненасць. Хоць часам здараецца  наадварот: людзі больш часу праводзяць ля пліты, чым звычайна. Першапачатковая мэта пасту ― вызваліць час чалавека для малітвы, добрых спраў, чытання Свяшчэннага пісання, развагаў.

Вялікі пост абмінуў палатку пры "Трапезнай" Дома міласэрнасці

"Салат, з сёмгай і авакада" не кожны успрыме за посную страву 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі