Толькі за адну паездку ў Літву на дызелі можна зарабіць да 60 долараў

На выходных дызельнае паліва знікла з АЗС на мяжы і некаторых запраўках у Мінску. Хто яго раскупіў і ці з'явілася яно цяпер, высвятляла Еўрарадыё.


"У нас раскупляе замежжа. І расіяне, і літоўцы — у іх паліва даражэй, чым у нас. І беларусы закупляюць у запас, бо думаюць, што ў нас падаражае", — распавялі Еўрарадыё на АЗС у Міхалішках.


У памежнай вёсцы Варона дызеля не было ў нядзелю, але цяпер ужо падвезлі. З'явілася паліва і на АЗС у Беняконях:


"У нас дызель заўсёды ёсць, але калі цэлую ноч едуць, а раніцай нам не падвозяць — недзе да гадзіны 11 ужо з'яўляецца. Нам у начны час нельга нават на вуліцу выходзіць, не тое што прымаць бензавозы".


Атрымоўваецца, што за ноч на мяжы раскупілі ўсё паліва, а падвозіць у начны час яго забаронена ў мэтах бяспекі. Зразумела, што ўсё паліва з памежных заправак едзе ў Польшчу і Літву, дзе пасля дэвальвацыі яно больш як у 2 разы даражэй. Цяпер, калі пачалі хадзіць чуткі пра далейшы рост цэн, попыт на паліва ўзрос: памежжа спяшаецца апошні раз зарабіць.


Што праўда, не на ўсіх АЗС ёсць абмежаванні ў 25 літраў паліва на аўто, што нядаўна ўвялі. На некаторых запраўках дазваляюць заліць поўны бак. Але хто перашкаджае два разы пад'ехаць на запраўку, дзе ёсць абмежаванне, і заліць поўны бак?


Дарэчы, на АЗС ля памежнага пераходу "Варшаўскі мост" абмежаванне ёсць — 25 літраў на машыну, як паўсюль, але гэта датычыцца не ўсіх.


"25 літраў на легкавы аўтамабіль, гэта за рублі. За валюту запраўляем колькі заўгодна".


Але калі памежнае паліва ідзе "на экспарт", то чаму не было дызелю на запраўках у Мінску? У адной з сетак АЗС Еўрарадыё патлумачылі гэта таксама ажыятажным попытам.


"Мы не паспелі падвезці. На выходных быў вялікі разбор паліва. Зараз усё ў парадку, усе запраўкі працуюць. Уначы мы не можам прывезці паліва па тэхніцы бяспекі, толькі ў светлы час сутак".


Дарэчы, зарабіць на вывазе паліва ў баку можна нямала. 60 літраў беларускага дызеля каштуюць 234 тысячы — для гэтага трэба памяняць 130 злотых ці 110 літаў. У Літве гэта абыйдзецца у 255 літаў, а ў Польшчы — каля 296 злотых. На поўным баку можна зарабіць да 145 літаў, або 166 злотых, што прыблізна складае 60 долараў за паездку.


Між іншым, на сайце prokopovi.ch ужо з'явілася магчымасць унесці прапановы па набыцці не толькі валюты, а яшчэ саляркі і бензіна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі