Тэатр Eye адсвяткуе сваё 10-годдзе ў вобразе спітых інтэлігентаў

Пластычнаму тэатру Eye споўнілася 10 гадоў. Адсвяткаваць гэтую дату трупа вырашыла масавым з'яўленнем на публіцы у вобразах спітых інтэлігентаў “Бітл-Дзюш”. Гэтага персанажа, выдуманага самімі акцёрамі, можна параўнаць са сцэнічным вобразам Тома Уэйтса. Ён чапляецца да прысутных, выпівае з імі і ўцягвае ў розныя гэгі. 6-га лістапада падчас Бітлз-фестывалю ў клубе Re:Public да прысутных выйдзе каля 40 такіх персанажаў.

"Я планую падключыць людзей са старых складаў тэатра і плюс яшчэ будзе пэўная дапамога ад сяброўскіх калектываў, то бок "Инжест", тэатр "Ди Гриза", магчыма, хто-небудзь яшчэ, – дзеліцца задумай кіраўнік тэатра Eye Зміцер Масцяніца. – Мы вырашылі сабраць максімальную колькасць гэтых таварышаў і максімальна запоўніць імі прапанаваную прастору. Увогуле, гэта, хутчэй, імправізацыя на тэму. Нейкай канкрэтнай праграмы, як тэатр, мы не рыхтуем. Мы толькі вызначаем для сябе правілы гульні і тое, як будзем працаваць з народам".

У дадатак тэатр Eye рыхтуе новы спектакль, які будзе цалкам пабудаваны на гэтых чорна-белых персанажах "Бітл-Дзюшах" у капелюшах ды з чамаданамі. Прэзентаваць яго плануецца ў красавіку наступнага года.

Нагадаем, што тэатр Eye быў створаны ў 2001 годзе студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. За 10 гадоў тэатрам было створана больш за 70 перформансаў, мініяцюр, піратэхнічных шоў і "вялікіх" спектакляў. Але асноўным сваім дасягненнем Зміцер Масцяніца лічыць тое, што трупа тэатра стала першай, хто пачаў працаваць з наведвальнікамі розных музычных мерапрыемстваў, менавіта ўцягваючы іх у саму дзею.

Фота: graffiti.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі