Сябры Васі Шугалея прадэкламуюць яго вершы

18 лістапада ў межах праекта "20 000 запальнічак" у галерэі "Ў" адбудзецца чытанне вершаў Васі Шугалея. Ідэя, такім чынам падтрымаць выставу карцін знакамітага музыкі, шоў-мэна, мастака ды паэта належыць самой галерэі. Ад 19-й да 21-й гадзіны вершы Шугалея будуць чытаць яго сябры - Вікторыя Шаблінская, акцёр Аляксандр Казела, ды вядомы беларускі прадзюсар Уладзімір Шаблінскі.

"Мне Васька блізкі, мы з ім сябравалі, і мне будзе прыемна такім чынам неяк нагадаць пра яго, - кажа адзін з дэкламатараў, Уладзімір Шаблінскі. - Калісьці даўно выйшаў зборнік яго вершаў, адпаведна, я адабраў з яго некалькі, іх я і буду чытаць".

Праект "20 000 запальнічак"- гэта выстава графічных прац Васі Шугалея ды жывапісу яго сястры Вольгі, на адкрыцці якой адбылося часовае адраджэнне гурта "Ы.Ы.Ы.", дзе калісьці спяваў Вася. Выстава будзе працаваць да 27-га лістапада.

Васіль Шугалей быў добра вядомы ў мінскай музычна-авангарднай тусоўцы. Ён стварыў уласны праект “Ы.Ы.Ы.”, кожны выступ якога суправаджаў правакацыямі і розыгрышамі. Калі Шугалей пераехаў у Маскву, ён дапамагаў прадзюсаваць такія папулярныя зараз гурты, як "Ляпис Трубецкой", "Запрещенные барабаншики" і "Би-2". Ён напісаў шмат песень для расійскіх зорак, але самай папулярнай апынулася кампазіцыя “Ветер знает, где меня искать…” у выкананні гурта “Браво”. 7 сакавіка 2002 года Вася Шугалей быў знойдзены мёртвым у сваёй маскоўскай кватэры, яго задушылі дротам ад камп’ютара. Музыка-авангардыст быў пахаваны на могілках у Калодзішчах.

Фота: archive.diary.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі