Сяброўка Брэйвіка жыла ва Уруччы і вучылася на сацыёлага ў БДУ

Па фотаздымку дома ў Мінску, які апублікавалі нарвежскія СМІ, слухачы Еўрарадыё апазналі вуліцу ў мікрараёне Уручча. Карэспандэнт Еўрарадыё накіраваўся да дома, у якім, магчыма, жыла дзяўчына.


Мінчанка Надзея — як высвятліся,  гэта сапраўднае імя беларускай сяброўкі нарвежца Брэйвіка — жыла разам з маці ў ваенным гарадку Уручча. 


Дзверы адной з кватэр адчыняе малады чалавек, пра Брэйвіка не ведае, але прыгадвае, што ў кватэры на паверх вышэй жыла дзяўчына, якая цяпер у ЗША.


"Яна з'ехала гадоў 5 таму ў ЗША. Жыве там разам з маці і мужам. Дзіця нарадзілася гады тры таму. Яна бландынка, доўгія валасы прамыя", — абнадзейвае хлопец. Цяпер тая кватэра здаецца.


"Я асабліва з ёй не кантактаваў, — працягвае хлопец. — Мая сястра з ёй сябравала. Яна ездзіла ў Нарвегію, у яе быў нейкі суправаджальнік, але невядома, хто, прозвішча яна не называла".


Сяброўка Надзеі Алена гаворыць, што тая сапраўды ездзіла ў Нарвегію па турыстычнай пуцёўцы. І калі з'яжджала, прасіла англа-рускі слоўнік:


"Яна, калі брала слоўнік, казала, што збіраецца. Фотаздымкі не паказвала і нічога не распавядала".



Як даведалася Еўрарадыё, Надзея скончыла ў Мінску курсы сакратара-рэферэнта, потым вывучала ў БДУ сацыялогію. Адвучылася толькі тры гады і выйшла замуж.


Як пішуць нарвежскія журналісты, Брэйвік пазнаёміўся з беларускай праз платны сайт знаёмстваў. Ён прыехаў у нашую краіну ў сакавіку 2005 года, пасля Надзея ездзіла да яго ў Нарвегію.


Пасля гэтага Надзея вярнулася ў Беларусь і праз некаторы час паехала ў ЗША. Зараз дзяўчына жыве ў адным з паўночных штатаў Амерыкі разам з мужам... беларусам.


"Муж яе выйграў Green Card і яны з'ехалі", — распавядае Алена.


Цікава, што нарвежскія журналісты сцвярджаюць, нібыта беларуска замужам за грамадзянінам ЗША.


У сацыяльных сетках Еўрарадыё знайшло нават акаўнт Надзеі, але ў ім выдаленая ўся інфармацыя.

У фотакалажы выкарастаны фота Dagbladet і Euroradio

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі