Святлана Навумава: "Гавары праўду" вернецца да сацыяльных праектаў

Пра гэта Еўрарадыё паведаміла прадстаўніца кампаніі палітолаг Святлана Навумава:

Навумава: "Самая галоўная мэта была актывізаваць беларускае грамадства праз разуменне таго, якія ў нас ёсць праблемы ў грамадстве, што мы самі можам нешта рабіць, нешта вырашаць. Мы паспрабавалі пайсці, як кажа наш прэзідэнт, ад жыцця, ад тых паўсядзённых праблемаў, з якімі людзі сутыкаюцца, і паспрабаваць ім паказаць, што яны самі нешта значаць. Гэта была грамадзянская кампанія за правы грамадзянаў у самым шырокім сэнсе слова".

Ці ўдалося гэтыя мэты рэалізаваць? Святлана Навумава кажа, што лічбы сведчаць пра поспех кампаніі.

Навумава: "Вельмі складана вылучыць заслугі менавіта кампаніі "Гавары праўду", бо 2010 год аказаўся годам актыўнасці беларускага грамадства. Нашая лепта ў гэтым, безумоўна, ёсць. І ёсць нейкія колькасныя паказчыкі нашай актыўнасці — мы правялі каля 80 падпісных кампаніяў у 33 гарадах Беларусі. Прычым гэта былі кампаніі або вельмі лакальныя, дзе мы збіралі па 100 подпісаў у вёсцы, або некалькі тысяч, як гэта было ў Лідзе. Людзі спрабавалі нешта зрабіць і, на мой погляд, гэта дастаткова важкі вынік. Акрамя гэтага, можна казаць, што ўжо да чэрвеня 2010 года кампанію "Гавары праўду" ведаў кожны пяты дарослы грамадзянін Беларусі. Яе пазнавальнасць была на ўзроўні 20% — гэта добры паказчык".

Кампанія “Гавары праўду” можа пахваліцца не толькі лічбамі, але і канкрэтнымі акцыямі.

Навумава: "Калі казаць пра лакальныя кампаніі, то мы правялі грамадскія слуханні ў Лідзе, мы прымусілі ўладу правесці гэтыя слуханні. Вядомая гісторыя ў Барысаве з мікрараёнам Дымкі. Там атрымалася прымусіць улады вырашаць праблему падтаплення жылых дамоў. Мы прымушалі нешта рабіць мясцовую ўладу — у гэтым бачылі непасрэдна асноўную мэту нашай працы".

Пасля прэзідэнцкіх выбараў пад арыштам апынуўся лідэр кампаніі паэт Уладзімір Някляеў. Многія актывісты кампаніі пад арыштам альбо ў вымушанай эміграцыі. Аднак, кажа Навумава, “Гавары праўду” не спыняе сваёй дзейнасці:

Навумава: "Канечне, гэта быў вельмі моцны ўдар па кампаніі — арышт яе лідэра. І кампанія, калі ў яе няма дзейснага яркага лідэра, ёй, канечне, цяжка… Але, тым не менш, мы працягваем працаваць. Мы перагрупавалі свае сілы і звярсталі планы на бліжэйшую будучыню. Адзін з бліжэйшых нашых праектаў — гэта праект грамадскіх прыёмных. Яны ў нас на першым этапе загубіліся ў агульнай дзейнасці, а зараз мы думаем, што форма грамадскіх прыёмных ад кампаніі дазволіць вырашыць адразу некалькі праблемаў — аказаць юрыдычную дапамогу людзям і ў тым ліку прыцягваць іх да абмеркавання, вырашэння тых задач, якія стаяць сёння перад імі".

Ці вернецца кампанія “Гавары праўду” ад палітычнай дзейнасці да грамадскай? Святлана Навумава запэўнівае, што ў першую чаргу актывісты кампаніі хочуць вярнуцца да сацыяльных праектаў, бо гэта эфектыўны шлях. Таму будучыню кампаніі яна бачыць акурат у грамадскай дзейнасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі