Суддзя — Варламаву: Вы ўжо навучыліся пытанні задаваць!

130228_martin_varlamov.mp3

Пакуль дапыталі абвінавачанага і каля 80 пацярпелых. Мадэльер выглядае хворым, стомленым, прастуджаным, але намагаецца нават задаваць пытанні пацярпелым. Варламаву цяжка стаяць, таму ён усё часцей сядае, і седзячы задае свае пытанні.

Большасць пацярпелых па ранейшаму не лічыць, што мадэльер нанёс ім шкоду і не патрабуюць грошай.

“Я ведала, што нейкія грошы выдзяляюцца на нас, але не ведала, што гэта сутачныя. Можа, там былі дадатковыя затраты”, — адказвае на пытанні абароны дызайнерка Таццяна Фралова, яна ездзіла ў замежныя паездкі з Варламавым. Мадэльер, нібы, недаплаціў ёй 326 еўра і каля 2 мільёнаў рублёў. Але фінансавых прэтэнзій яна не мае.

З усіх ужо апытаных пацярпелых толькі каля паўдзясятка чалавек захацелі, каб Варламаў вярнуў ім грошы. Алена, маці непаўнагадовай мадэлі, хоча спагнаць з Варламава 1216 еўра.

“Я хацела б спагнаць грошы, якія я заплаціла, і якія пайшлі не на паездку”, — патлумачыла Алена. Паводле следства, на паездку, у якую Алена ездзіла з дачкой і заплаціла 1216 еўра, грошы дала дзяржава.

Мадэль Ганна Кабанава ездзіла з “Млынам моды” у Германію, Аўстрыю, Чэхію і Бельгію. Варламаў ёй, нібы, не сплаціў 1200 еўра сутачных. Дзяўчына не супраць вярнуць гэтыя грошы, але каб плаціў не Варламаў, а БДУ — арганізатар “Млына моды”!

“Толькі калі гэтую суму мне будзе вяртаць БДУ, то я не супраць”, — тлумачыць дзяўчына.

Да ўсіх пацярпелых у следства аднолькавыя пытанні: куды ездзілі, колькі было паказаў, ці хочуць спагнаць сутачныя, якія ім недаплацілі.

У абароны пытанні аб статусе Варламава ў “Млыне моды”: быў той начальнікам, які займаўся папяровай працай, ці толькі мастацкім кіраўніком.

Пацярпелыя адказваюць, што Варламаў, хутчэй, быў мастацкім кіраўніком і ў папяровую працу не пагружаўся.

Абарона прагназуе, што суд можа доўжыцца некалькі месяцаў.Сашу Варламава вінавацяць па пяці артыкулах крымінальнага кодэкса.

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі