СТВ: Спажыўцам няма чаго супрацьпаставіць шалёнай інфляцыі, лютуе крызіс

Праглядаючы вечаровыя навіны, беларусы маглі здзівіцца: няўжо нешта змянілася і дзяржаўнае тэлебачанне пачало казаць пра эканамічную сітуацыю, як яно ёсць?

"Спажыўцы апынуліся ў самым невыгодным стане. Ім няма чаго супрацьпаставіць шалёнаму тэмпу інфляцыі — у рэспубліцы па-ранейшаму лютуе крызіс, беспрацоўе прыняло катастрафічныя памеры, насельніцтва масава пакідае краіну ў пошуках лепшай долі", — вяшчае з экрана СТВ.

"Мы з мужам пенсіянеры, палова грошай ідзе на жыллё, палова на ежу", — скардзіцца жанчына ў краме.

Але ж аказалася, што гаворка пра Латвію. Еўрарадыё вырашыла разабрацца, няўжо Латвіі зараз так цяжка, і звярнулася да Вячкі Целеша — латыша з беларускімі каранямі, які жыве ў Рызе.

"Я сябе ні ў чым не ўшчамляю. На цану не гляджу, калі мне трэба нешта — купляю. Я пенсіянер, але і працую ў інстытуце. Таму ў мяне праблемаў зусім няма з харчаваннем. А тыя, хто на пенсіі цалкам, канешне, адчулі. Збягаюць з Латвіі толькі тыя, хто не валодае латышскай мовай. Каб зарабляць грошы, мову трэба ведаць. Я працую ў інстытуце і выкладаю на латышскай, у нас ёсць моўныя групы — і я на рускай яшчэ выкладаю".

Кошт на жыллё за год насамрэч вырас: зімой выходзіла 80 лат, а зараз — 100 (гэта 203 долары — Еўрарадыё). Сапраўды дорага. Але пры гэтым пенсія каля 200 латаў (406 долараў), на дваіх пенсіянеры аддавалі б чвэрць прыбытку.

Паводле дадзеных Мінстата, за сакавік сярэдняя пенсія ў Беларусі склала 586 тысяч рублёў (130 долараў па курсе 4500). Камунальныя ў нас складуць каля 100 тысяч зімой. На руках у нашых пенсіянераў застанецца каля 240 долараў на дваіх, у латышскіх — 600. Але ж пенсіянер Вячка Целеш працуе і мае агульны прыбытак 1000 долараў.

А вось сярэдні заробак латыша — 900 долараў! Неверагодна высокі ў параўнанні з 1 млн 537 тысяч беларускіх (341 долар па курсе 4500).

Але ж латышы з іх вялікімі заробкамі ўсё роўна церпяць з-за шалёнай інфляцыі і роста коштаў на прадукты. Сапраўды, апошнім часам усё стала даражэй, пацвердзіў нам журналіст Югіс Лібеціс.

"Кожны жыхар Латвіі адчуў на сваёй скуры, таму што кошты выраслі амаль на ўсё. Перш за ўсё гэта звязана з тым, што у мінулым годзе вырас ПДВ. Ён быў 18%, а зараз 22%. Гэтыя 4% — вельмі адчувальная розніца. У красавіку інфляцыя была 1,1%. На працягу ўсяго года у параўнанні з леташнім красавіком кошты выраслі прыкладна на 4,5%".

Калі ў Латвіі шалёная інфляцыя — 4,5% за год, якім словам назваць нашу? За красавік кошты выраслі на 4,5%, а за год інфляцыя склала 13,9%.

Прадукты ў пераліку на долар у Латвіі сапраўды даражэй. Але гэта калі лічыць не па Нацбанку, а па кошце ў абменніках — 4500 за 1$. Кіло сыра ці мяса у Латвіі каштуе 7$ — 26 тысяч (5,8$) у Беларусі, літр малака 1$ — 3 тысячы (0,7$) у нас, хлеб 0,7$ — паўдолара ў нас.

Магчыма, калі рубель працягне падаць, латышы насамрэч масава паедуць да нас шукаць лепшай долі.

Фота: bymedia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі