Студыя "ОСМОС" на дзень нараджэння зладзіць фестываль

9 чэрвеня студыя гуказапісу "ОСМОС", вядомая па супрацоўніцтве з гуртамі Neuro Dubel , Pomidor/OFF, "Красные звезды", RockerJoker ды іншымі прадстаўнікамі беларускай альтэрнатывы, адсвяткуе сваё дзевяцігоддзе.

"Чым мы ганарымся за апошні год, гэта тым, што запісалі два альбомы "Серебряной свадьбы", - пералічвае асноўныя дасягненні за апошні год дырэктар студыі Павел Юрцэвіч. - Але галоўнае, што "Серебряная свадьба" нарэшце знайшла сабе студыю, якая іх цалкам задавальняе. Яны ж вельмі доўга спрабавалі розныя студыі, але там было штосьці не тое. А адпаведна, мы падарылі людзям дыскі "Серебряной свадьбы". Той жа навагодні канцэрт The UNB без "ОСМОС" не адбыўся б. Мы выдалі яго на DVD, між іншым, першы дыск з рок музыкай у Беларусі, дзе гук 5+1".

Сёлетняе святкаванне адбудзецца ў клубе "Графіці". На ім выступяць The UNB, "Кассиопея", прэзентуе сваю праграму новы пашыраны праект гурта RockerJoker пад назвай "Черчиль", а таксама зараз рыхтуецца таямнічае "Батлейка-паці". Праўда, у гэтым годзе мерапрыемства будзе закрытым, так бы мовіць, для тых, хто выб'е запрашальнікі, а вось 10-годдзе студыі Павел збіраецца святкаваць шырока.

"На 10-годдзе плануецца рабіць вялікі адкрыты канцэрт, які будзе закрываць сезон, - працягвае дырэктар студыі. - Не толькі з тымі, хто супрацоўнічае з намі, але і з тымі, каго мы былі б рады падтрымаць. Напрыклад, мы ніколі не працавалі з "Кассиопеей" і ніколі не будзем, бо ім проста непатрэбная студыя. І такіх гуртоў шмат, але гэта не значыць, што мы іх не любім, не сябруем і не падтрымліваем...".

Дарэчы, у 23 гадзіны ў "Графіці" пачнецца вечарынка "Рок-караоке", для якой студыя "ОСМОС" дапамагала рабіць выдатныя студыйныя мінусоўкі песень беларускіх рокераў. Паспяваць свае песні пад мінус застанецца большасць віп-гасцей Дня нараджэння студыі, і паглядзець на гэта зможа любы жадаючы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі