Спіс неўязных у Еўрасаюз папоўніцца дэпутатамі парламента?

120113 Luka6uk Sankcyi.mp3

Колькасць неўязных у ЕС беларускіх чыноўнікаў 23 студзеня можа папоўніцца яшчэ на 135 прозвішчаў. Як даведалася Еўрарадыё, спіс новых прэтэндэнтаў на званне “неўязных у ЕС” складалі кіраўнікі дыпламатычных місій краін Еўрасаюза ў Беларусі. Паводле нашых звестак, туды трапілі людзі, якія аказваюць ціск на праваабаронцаў і журналістаў. На думку кіраўніцы “Офіса за дэмакратычную Беларусь” Вольгі Стужынскай, ёсць там і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.


Вольга Стужынская: “Такі спіс ёсць. Гэта людзі, адказныя за змены заканадаўства — я кажу пра змены, якія нядаўна былі. Верагодна, што кагосьці пазнаходзілі з тых, хто мае дачыненне да справы Бяляцкага”.


Еўрарадыё: “Вы маеце на ўвазе так званыя законы “больш трох не збірацца” і наконт спецслужбаў, якія былі прынятыя дэпутатамі”?


Вольга Стужынская: “Так. Я не ведаю, хто патрапіў дакладна ў спіс, бо, канешне, яны не ўнясуць увесь парламент”.


Пацвярджае гэта і першы сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Павел Марчук.


Павел Марчук: “Што тычыцца падрабязнасцяў, то я скажу вам шчыра: гэта інфармацыя, якую амбасады не будуць агучваць. Але ў гэты раз туды патрапяць усе людзі, якія займаюцца рэпрасаваннем апазіцыі і незалежных СМІ”.


Еўрарадыё: “Маюцца звесткі, што ў гэтым спісе ёсць дэпутаты, якія займаліся распрацоўкай апошніх прынятых законаў...”


Павел Марчук: “Там могуць быць гэтыя людзі. Кожная кандыдатура абмяркоўваецца. Павінна быць поўная згода ўсіх краін Еўрасаюза. І гэты спіс можа быць шырэй, можа быць звужаны — ідзе праца. І ніхто пакуль не будзе называць ніводнага прозвішча з гэтага спісу”.


Тым часам Вольга Стужынская не выключае, што гэтыя дзеянні Брусэлю будуць мець негатыўныя наступствы для... грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.


Вольга Стужынская: “Думаю, што беларускае кіраўніцтва можа таксама негатыўна адрэагаваць. Напрыклад, увесці яшчэ якое заканадаўства альбо  пазбавіць рэгістрацыі арганізацыю, якая працуе з Еўрасаюзам. Калі ў адказ на негатыў адсюль будзе негатыў з Беларусі, то гэта будзе па нарастаючай. Адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам дасягнулі мінімума. Баюся, што не застанецца проста больш магчымасцяў у грамадзянскай супольнасці праводзіць нейкія праекты з дапамогай ЕС”.


Паводле яе словаў, сярод еўрапалітыкаў ідуць размовы аб змене тактыкі ЕС адносна Беларусі.


Вольга Стужынская: “Эфектыўныя, шырокамаштабныя эканамічныя санкцыі не будуць уведзеныя. На гэта няма ні прэцэдэнту, ні жаданне краін Еўрасаюза. Але ідуць іншыя размовы ў іншых колах: час і з боку Беларусі, і з боку Еўрасаюза пераглядаць адносіны ў больш пазітыўным накірунку”.


З тым, што ад папаўнення спісу неўязных чыноўнікаў у ЕС будзе мала плёну, згодны і Уладзімір Някляеў. Але ён заклікае ЕС да жорсткіх эканамічных санкцый.


Уладзімір Някляеў: “Пашыраецца-пашыраецца гэты спіс. Але колькаснае — не азначае якаснае, і ў самім пачуванні беларускага чынавенства нічога не мяняецца”.


Зараз у спісе неўязных каля 200 імёнаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі