Школьнікі адкапалі шкілет “багатай жанчыны”

Зацемна выпраўляемся пад вёску Прусы Старадарожскага раёна, у археалагічны летнік, дзе праводзяцца раскопкі. Школьнікі паказваюць мне свае каштоўныя знаходкі, якія блізу дзесяці стагоддзяў праляжалі ў зямлі ля вёскі Прусы.

 “Сказалі, што ў кургане жанчына ляжыць. Знайшлі завушніцы, два пярсцёнкі, пацеркі, — пералічваюць школьнікі. — Шкляныя зялёныя, белыя, з узорамі”.

Раскапаўшы курганы, школьнікі распавядаюць ля вогнішча адно аднаму таямнічыя гісторыі.

Верхнія слаі дзеці здымаюць рыдлёўкамі, а далей — спецыяльнымі пэндзлікамі.

Некаторыя адкапаныя каштоўнасці зроблены са срэбра (спроба — меншая за 700-ю). Некаторыя вырабы відавочна пазелянелі — праступіла медзь.

Зразумела, раскопкі праводзяцца пад кіраўніцтвам знанага беларускага археолага Алега Іова, супрацоўніка Акадэміі навук, кандыдата гістарычных навук.

Спадар Алег мяркуе, што адкапаны шкілет у другім кургане некалі фармаваў цела багатай жанчыны.

Алег Іоў: "У першым кургане знойдзены рэшткі шкілета і гаршчок. У другім — пахаванне жанчыны маладой. Шкілет там нядобра захаваўся. Але ёсць упрыгожванні. Гэта пацеркі прычарнаморскія і сярэднемарскія, пярсцёнкі і прычарнаморская пацерка, вялікіх памераў вельмі. Яна вельмі каштоўнай была. І жанчына, якая тут пахаваная, відаць, была ці дачкой улюбёнай, ці ўлюбёнай жонкай".


Знаходкі даюць зразумець, як у параўнанні з іншым светам жылі некалі жыхары нашых земляў. Гандаль тут быў на ўзроўні. Яшчэ б! Праз нас праходзілі стратэгічныя гандлёвыя шляхі.

Алег Іоў: "Рэч у тым, што, пачынаючы з X стагоддзя і нават з IX стагоддзя, міжнародны гандаль на тэрыторыі Беларусі развіваўся вельмі імкліва — дзякуючы вікінгам. Гэтыя шляхі водныя вельмі часта выкарыстоўваліся для міжнароднага гандлю. З X стагоддзя ў нас многа візантыйскага імпарту і міжземнаморскага".

Старадарожскі раён, 2011-ы год. Журналіст ля шкілета забітага ў XI стагоддзі 

дрыгавіча-ваяра. Шкілет "багатай жанчыны", знойдзены ў 2012-м годзе, захаваўся горш. 


Вёска Прусы Старадарожскага раёна знаходзіцца на тэрыторыі колішняга Тураўскага княства, дзе жылі дрыгавічы.

Алег Іоў сцвярджае, што ў тыя часы мы жылі не горш за немцаў.  

Алег Іоў: "Усходняя і Заходняя Еўропа прыблізна жылі на адным узроўні.  Нашы землі жылі на ўзроўні Каралеўства Польскага і германскіх княстваў. І пісьменнасць, і замкі, і феадалы, і гарады…"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі