Pomidor/OFF заселі ў студыі з новымі песнямі (фота, відэа)

130426_malina_pomidor.mp3

Наша з’яўленне ў студыі “ОСМОС” застаецца амаль незаўважным. Гітарыст Сяргей Канановіч рэпетуе перад запісам куплетныя рыфы, гукач Гарык Плевін уважліва сочыць за эквалайзерамі на маніторы, а лідар Pomidor/OFF чытае з мабільніка апошнія навіны.

“Я ўжо нічога не разумею. Дзе мы пішам, што пішам… Таму і перастаў сачыць”, ― скардзіцца Аляксандр Памідораў і ўсё ж спрабуе далучыцца да працы.

Цяпер запісваюць зусім новую песню “з цікавай фішачкай”, якую Памідораў не раскрывае. “Злавіць” яе за гадзіну, якую мы правялі ў студыі, так і не атрымліваецца. На нашых вачах літаральна за пяць хвілін Сяргей Канановіч прыдумляе гітарнае сола. “Просценькае, але правільнае, такое нават я здолею сыграць”, ― нарэшце ўхваляе ідэю гітарыста Памідораў.

Далей ідзе запіс дадатковых гітарных дарожак, каб упрыгожыць і ўзбагаціць гучанне. Раптоўна гітара пачынае гучаць, як арган і музыкі ўзрушваюцца. “Клас, так тужліва гучыць, трэба ўстаўляць,” ― ходзіць Памідораў па пакоі перад студыяй і разводзіць рукамі ў задавальненні. Пройгрыш хлопцы па чарзе запісваюць па нотах. На думку гукарэжысёра Гарыка Плевіна, потым іх можна будзе раскідаць па каналах, каб кожная нотка з’яўлялася то ў левым, то ў правым вуху.

“Мы прыдумалі сабе максі-сінгл, рыхтавалі яго да вясенне-летняга сезону, але не паспяваем. Таму выдадзім летам. Пакуль не ведаем, як будзе называцца, але працоўная назва — “Летняя спёка”. Агулам будзе чатыры песні ― песні пра лета і адзін трэк з папярэдняга альбома, але ў іншым гучанні. Магчыма, з’явіцца пятая кампазіцыя ў выглядзе рэміксу”.

Адна з новых песень — “Летняя”, якую гурт ужо не раз выконваў на канцэртах. Гучанне EP ужо вельмі непадобнае на апошні альбом Pomidor/OFF. “Патас/Попс/Прапаганда”. Выгляае на тое, што даўняя ідэя Памідорава паспрабаваць сябе ў рэгі перакінецца на наступную паўнафарматную працу гурта.

“Калі мы ўжо ўвайшлі ў студыю, то працэс неяк пойдзе, ― выказвае пажаданні на новы альбом лідар гурта. ― У нашых планах — выдаць які-небудзь яшчэ матэрыял увосень ці, зноў жа, зімой. Справа нават не ў недахопе матэрыялу, бо ён паступова прыбывае. Проста трэба сесці і ўсё, што круціцца ў галовах, сабраць да кучы. Некаторыя песні гэтага сінгла будуць пераробленыя, і ў іншых версіях таксама трапяць на альбом. Як гэта ўжо было з песняй “Шабаны” і папярэднім “Патасам”.

Пакуль музыкі спадзяюцца прэзентаваць максі-сінгл на пачатку чэрвеня, але абяцаць баяцца. Маўляў, і так ужо планавалі яго выданне на травень.

“Можа быць, знойдуцца добрыя людзі, ці будзе нейкі збег абставінаў, што мы надрукуем у пластыкавых каробачках сто ці дзвесце, ці трыста асобнікаў. Чыста сімвалічна, каб проста можна было гэты EP фізічна адчуць, ― разважае Памідораў. ― Але, хутчэй за ўсё, гэта будзе просты інтэрнэт рэліз”.

Пачуць усе песні з новага міні-альбома Pomidor/OFF можна будзе ўжо 6 траўня, у клубе Re:Public на фестывалі “Дзень радыё”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі