Піянерам шыюць форму без кішэняў, каб добра глядзеліся на пастраенні

120518 Martin Pionery.mp3

Як даведалася Еўрарадыё, сталічным піянерам шыюць форму на “ўрачыстыя выпадкі” да юбілею ўсесаюзнай піянерскай арганізацыі імя Леніна.

“Раней у піянерскай арганізацыі былі курткі, спадніцы, пінжакі. Такой формы мы, нажаль, не пашылі. У нас проста ёсць куртачкі. І раённыя піянерскія арганізацыі маюць сваю каляровую гаму па Мінску”, — гавораць у цэнтральным апараце Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.


І не адказваюць, хто рабіў форму. Чамусьці раяць звярнуцца... у Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама.

Еўрарадыё: А пры чым Камітэт па адукацыі да піянерскай арганізацыі?


БРПО: Ну, яны  дазвол даюць.


Новая форма сталічных піянераў — пілотка і куртка. Зрабілі яе на фабрыцы “Славянка” ў Магілёўскай вобласці.  І без кішэняў, “каб добра глядзеліся на пастраенні”.

“Бо дзеці заўжды трымаюць рукі ў кішэнях і гэта непрыгожа на пастраенні. А месца на грудзях мусіць быць светлае, каб выдзяляўся гальштук”, — расказвае Еўрарадыё дырэктар фабрыкі “Славянка” Цімур Бачарышвілі.


Хоць форму рабілі на беларускай фабрыцы, тканіна не айчынная, а... карэйская. Каб было лёгка нават у спёку, даводзіць дырэктар “Славянкі”. А як жа імпартазамяшчэнне…

Паводле нашай інфармацыі для мінскіх піянераў пашылі 2 тысячы камплектаў новай формы.

“Два віды: паўсядзённая і парадная форма. Асноўная каляровая гама — колер герба Мінска. Для ўрачыстых выпадкаў — у колеры дзяржаўнага сцяга”, — расказвае Цімур Бачарышвілі.


Вядома, піянераў у сталіцы больш за дзве тысячы, хопіць не ўсім.

“Там курткі, пілоткі і, абавязкова, піянерскі гальштук. Мы не набывалі гэтую форму, яе нам дае Цэнтр пазашкольнай працы, калі трэба. У краме набыць нельга. У нас 800 вучняў, і 500 з іх піянеры, дастаткова высокі паказчык”, — заўважаюць у гімназіі №15.

Але з бацькоў на форму грошы не збіраюць. Відаць, пашылі за дзяржаўны кошт.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі