Пераможца сушы-бітвы: У Беларусі мала жанчын, якія гатуюць сушы

Пераможца батла шэф-кухар японскай кухні Сяргей Лаўчыноўскі распавёў Еўрарадыё, чым беларускія сушы адрозніваюцца ад японскіх і ці шмат беларускіх жанчын умеюць іх гатаваць.

Еўрарадыё: Як прайшла бітва сушы? Ці складана было перамагчы?

Сяргей Лаўчыноўскі: Перамагчы было не так ужо і складана, бо мы рабілі сваю ўлюбёную справу. Я рабіў тое, што я ўмею лепш за ўсё. Але насамрэч мы вельмі хваляваліся, у нас былі сур’ёзныя канкурэнты з усёй Беларусі.

Еўрарадыё: Які прыз вы атрымалі?

Сяргей Лаўчыноўскі: Прызам быў сапраўдны японскі нож, а таксама медалі і кубак.

Еўрарадыё: Псіхалагічна прасцей напэўна гатаваць у сябе дома. А калі на цябе глядзіць столькі людзей — наколькі стрэсавая гэта для вас сітуацыя?

Сяргей Лаўчыноўскі: Напэўна, мне было прасцей перамагчы, бо я не першы раз удзельнічаю ў мерапрыемствах такога ўзроўню. У краіне ў мяне вельмі вялікая канкурэнцыя, больш за ўсё ў Мінску людзей, якія сапраўды шмат чаго ўмеюць і гатуюць на вельмі высокім узроўні.

Еўрарадыё: Але ж гэта не традыцыйная беларуская ежа. Дзе можна навучыцца так гатаваць?

Сяргей Лаўчыноўскі: Ёсць шмат майстар-класаў і семінараў. Мы ездзім у Маскву, у Кіеў, у Варшаву. Нядаўна ў Мінск прыязджаў майстар сушы найвышэйшага класу, Масаёшы Казато. Пераймаем у японскіх майстроў тое, што яны ўмеюць рабіць.

Еўрарадыё: Што японцы думаюць не пра конкурсныя вашы сушы, а пра тыя, што вы робіце штодня?

Сяргей Лаўчыноўскі: Тыя японцы, што елі прыгатаваныя мной сушы, казалі, што вельмі падобна на тое, што яны прывыклі бачыць у Японіі. Але нашыя сушы ўсё ж крыху адрозніваюцца. У іх гэта больш экзатычная рыба, а ў нас больш сціпла, менш экзотыкі.

Еўрарадыё: Чаго нестае ў Беларусі кухару, што займаецца японскай кухняй?

Сяргей Лаўчыноўскі: Мяне перапаўняе пачуццё ўдзячнасці да людзей, што правялі мерапрыемства, якое не толькі аб’ядноўвае прафесіяналаў, але і павышае ўзровень рэстараннага бізнэсу ў Беларусі. Чым больш мы спаборнічаем, чым больш мы кантактуем, тым большымі прафесіяналамі робімся. Старшыня беларускай асацыяцыі кулінараў Віктар Радзевіч, сушы-шэф Антон Каленік, шэф-кухар рэстарана “Вікторыя” Аляксандр Жылевіч – гэтыя людзі былі ў журы на спаборніцтве. Яны вырашылі шмат задач і змаглі правесці такое мерапрыемства.

Еўрарадыё: А што зрабілі вы каб перамагчы, што было ў вашых сушы?

Сяргей Лаўчыноўскі: Зразумела, што гэта сакрэтныя інгрэдыенты. Я трымаю іх у таямніцы. Гэта сакрэтныя соўсы, рэцэпты якіх выпрацоўваліся гадамі. Вучыўся ў японскіх майстроў, дадаваў штосьці сваё. Гэта, напэўна, дапамагло згатаваць смачна, каб члены журы належна ацанілі.

Еўрарадыё: Конкурсныя сушы былы пададзеныя на жанчыне. Ці ўдзельнічалі жанчыны ў самім конкурсе як кухары?

Сяргей Лаўчыноўскі: Не, не ўдзельнічалі. На жаль, у Беларусі вельмі мала жанчын, якія гатуюць сушы. Ды і ва ўсім свеце сушы пераважна гатуюць мужчыны.

Фота: БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі