Павел Севярынец: Памілаванне - гэта, магчыма, сігнал, каб папрасілі іншыя

110812 Seviarynec site.mp3

Еўрарадыё: Распавядзіце калі ласка як вы дабраліся да месца адбывання “хіміі”?

Павел Севярынец: “Дабраліся ўвечары ў чацвер, тады ж мяне аформілі, засялілі ў пакой на трох чалавек. Пакуль што мы тут удвох. Агулам у спецкамендатуры больш за сто чалавек. Працуюць, у асноўным, у Пружанах або ў бліжэйшых вёсках, хтосьці грузчыкам, хтосьці ў сельскай гаспадарцы. Філіялаў тут два, то бок усе звяртаюцца ў камендатуру, большую частку часу праводзяць там. З працай пакуль не вызначана, можа на пачатку наступнага тыдня будзе інфармацыя. Некалькі варыянтаў я прапаную начальніку спецкамендатуры, магчыма, што яны вырашаць нешта сваё”. 

Еўрарадыё: А якія вашыя варыянты?

Павел Севярынец: “Або Хрысціянская дзелавая ініцыятыва, але гэта трэба ездзіць у Кобрын, або, магчыма, нейкая з установаў культуры ці асветы. Я буду прасіць дазволу выехаць сёння ці заўтра ў Пружаны, магчыма, зайсці ў бібліятэку, пашукаць нейкія іншыя месцы, дзе можна ўладкавацца на працу. Ну і ўсе паперы Хрысціянскай дзелавой ініцыятывы перадам начальніку спецкамендатуры”.

Еўрарадыё: А хто ваш сусед па пакоі?

Павел Севярынец: “Сусед з Баранавічаў, тут увогуле не вельмі прынята дапытвацца, па якіх справах. Хімію даюць за нейкія злачынствы, наступствы якіх недастатковыя, каб пазбаўляць чалавека волі”.

Еўрарадыё: А які там увогуле рэжым, ці можна, напрыклад, кудысьці выходзіць?

Павел Севярынец: “Пакуль я знаходжуся ў спецкамендатуры. Нам тут перыядычна даюць званкі або  робіцца пераклічка, запрашаюць у актавую залю і ўключаюць тэлевізар – або серыял праз відэа, або проста глядзім тэлевізар, пераключаючы каналы. Тыя, хто не маюць працы, такім чынам бавяць час. У пакой вярнуцца нельга, пакоі зачыненыя на ключ, гэта абавязковая праграма. Ёсць бібліятэка ў той жа актавай залі, там ёсць беларускамоўная літаратура, ёсць Караткевіч, Кузьма Чорны, ёсць нават Новы запавет”. 

Еўрарадыё: А ці ёсць, напрыклад, душ ці ванна?

Павел Севярынец: “Душа і ванны няма, ясна, што бытавыя складанасці ёсць, бо гэта ваенны гарадок, з тых часоў, напэўна, ніхто нічога не рамантаваў. Хімія як хімія, тут не варта было б чакаць чагосьці лепшага. Інтэрнат як інтэрнат, толькі паўсюль краты на вокнах, дзяжурная частка, краты на дзвярах, выхад праз дзяжурку. Перамяшчэнні па-за інтэрнатам з дазволу альбо ў дзяжурцы, альбо – калі па-сур’ёзнаму, напрыклад выезд у горад – то ў начальніка. Для тых, хто выязжае на працу – своеасаблівая сістэма справаздачнасці. Вольнага выхаду на вуліцу, як быў у філіяле ў Малым Сітна, тут няма. Выйсці з інтэрната на вуліцу можна толькі з дазволу. Каб памыцца – трэба пісаць дазвол, каб наведаць грамадскую лазню ў Пружанах, буду пісаць заяву. Таксама напішу заяву на наведванне царквы штонядзелі”.

Еўрарадыё: Здаецца, ў гэтым мястэчку ёсць нейкі вядомы пастар?

Павел Севярынец: “Ёсць, яго тут усе ведаюць.  Але гэта пратэстанцкая царква. Я буду прасіць дазволу прысутнічаць на літургіі, спавядацца і прычашчацца ў праваслаўным храме. Але, канешне, вельмі цікава было б пазнаёміцца і са спадаром Тайсам, як яго тут усе называюць. Ён прыкметны тым, што ён з Паўднёвай Афрыкі, ён разводзіць авечак, ён пастар пратэстанцкі, або прынамсі прапаведуе ў пратэстанцкай царкве, і канешне гэта вельмі цікавая з’ява для Беларусі”.

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да інфармацыі пра памілаванне дзевяці палітвязняў?

Павел Севярынец: “Мне цяжка што-небудзь казаць, там больш што прозвішчы невядомыя, хутчэй за ўсё памілаваныя тыя, хто напісаў прашэнне на імя Лукашэнкі. Магчыма, гэта сігнал усім астатнім, што вызваленне будзе праз напісанне такіх  заяваў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі