Памежнікі: Месцамі сапраўды выкарыстоўваем манекены (фота)

У сацыяльных сетках з'явіўся фотаздымак нібыта беларуска-польскай мяжы, дзе на вежы замест памежніка - манекен.


"Гэта з беларускага боку вельмі блізка да мяжы, да паласы ўзаранай зямлі пры мяжы. Бачна, зразумела, бо гэта вежа! Ён на вежы стаіць і гэта бачна з вялікай адлегласці з польскага боку. Гэта ў месцы, дзе не жывуць людзі, каля ракі Буг. Там толькі палі і лясы", — распавядае Еўрарадыё Ганна Мяжынская, якая зрабіла гэты здымак і выклала ў Фэйсбук.


Дзяўчына адпачывала у тым раёне, кажа, што заўважыла муляж выпадкова і вырашыла зрабіць здымак.


"Бачыла адну вежу. І не правярала нічога больш, бо там была адна вежа. Я не займалася тым, каб правяраць польска-беларускую мяжу. Проста там знаходзілася і ўбачыла такую карціну. Ці ёсць яшчэ такое, не маю паняцця".

Памежнікі пацвярджаюць Еўрарадыё, што сапраўды выкарыстоўваюць на мяжы такі метад, як ДАІ, калі ставіць "кардонных даішнікаў". Такім чынам, нібыта, уводзяць у зман парушальнікаў мяжы.


"Ёсць пытанні маскіроўкі аховы мяжы, каб увесці ў зман асобаў, якія спрабуюць парушыць мяжу. Манекены прымяняюцца на асобных участках. Такія муляжы ёсць ва ўсіх структурах, не толькі ў нашай", — тлумачаць Еўрарадыё ў Брэсцкай памежнай групе.


І намякаюць, што побач з муляжом заўсёды можа апынуцца сапраўдны памежнік, нарвацца на якога небяспечна. Калі і дзе будзе знаходзіцца муляж, а дзе сапраўдны памежны атрад — вайсковая таямніца.


"Прынцып аховы мяжы такі, каб схаваць задуму аб ахове мяжы начальніка заставы. Сёння нарад — тут, заўтра — там. І ў які час ён і дзе, ніхто акрамя яго не ведае. Гэта ваенная таямніца. Можна нарвацца на муляж, ці на памежніка, і вынікі могуць быць сумныя".



Цікавімся ў Дзяржаўным памежным камітэце, можа, не хапае памежнікаў, каб расставіць па вышках сапраўдных салдат, можа, у гэтым прычына выкарыстання манекенаў?


"Гэта ніяк не звязана з недахопам асабістага складу, гэта, хутчэй, вайсковая хітрасць", — адказваюць ў памежным камітэце.


На недахоп памежнікаў не скардзяцца і ў Брэсце.


"У нас прызыў звальяняецца, прызываюцца іншыя. Гэта не звязана з недахопам асабістага складу. Гэта звязана з пытаннямі службы. Узяцца за рукі і ахоўваць мяжу, глядзець наперад, такога ніколі не будзе".


Дарэчы, зрабіць такі здымак вежы з польскага боку зусім не складана. Справа ў тым, што там няма такога паняцця, як памежная паласа і падыйсці можна да памежных слупоў.


"Да мяжы, да ўзаранай паласы зямлі і да калючага дроту можна, вядома ж, падыйсці. Але сама вежа, зразумела ж, на пэўнай адлегласці", — тлумачыць Ганна Мяжынская.


Толькі з беларускага боку ёсць памежная паласа, куды ўваход забаронены.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі