Памерла ўраджэнка Беларусі — адна з найбагацейшых жанчын свету

Як паведамляе Fox News, Джонсан памерла 1 красавіка, аднак пра яе смерць сям'я абвясціла толькі цяпер. Як чакаецца, яна будзе пахаваная 15 красавіка ў польскім Уроцлаве.

Барбара Джонсан ў дзявоцтве мела прозвішча Пясэцкая. Яна нарадзілася ў 1937 годзе ў вёсцы Станевічы ў сучаснай Гродзенскай вобласці.
 
У 1968 годзе, скончыўшы навучанне ва Уроцлаўскім універсітэце, Барбара пераехала ў ЗША. З-за фінансавых праблем, была вымушаная працаваць прыслугай. Так яна трапіла ў дом Джонсанаў.

Там Барбара пазнаёмілася са сваім будучым мужам — Джонам Севардам Джонсанам, саўладальнікам Johnson & Johnson. Джонсан на той момант быў жанаты, але ў 1971 годзе развёўся і жаніўся з Пясэцкай. Пасля смерці Джонсана ў 1983 годзе Барбара ўспадкавала 500 мільёнаў долараў і акцыі Johnson & Johnson. Шэсць дзяцей Севарда Джонсана ад першага шлюбу спрабавалі аспрэчыць спадчыну ў судзе, аднак Барбара Джонсан абараніла сваё права на маёмасць.

Апошнія гады жыцця Джонсан шмат падарожнічала, калекцыянавала прадметы мастацтва і займалася дабрачыннасцю. У 2001 годзе часопіс Forbes уключыў яе ў дваццатку найбольш багатых жанчын планеты. У 2011 годзе ў рэйтынгу мільярдэраў Forbes Барбара Джонсан заняла 376-е месца, яе маёмасць ацанілі ў 3,6 мільярда долараў.

Фота — fakt.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі