Пакараныя Мінюстам адвакаты альбо з’ехалі, альбо не працуюць

111103 Luka6uk Advakaty.mp3

Судовыя працэсы па справе “аб масавых беспарадках” 19 снежня значна скарацілі колькасць “ліцэнзаваных” адвакатаў. Згодна з падлікамі Еўрарадыё, Мінюст пазбавіў права на прафесійную дзейнасць сямёх, яшчэ тры напісалі заяву “па ўласным жаданні”.

З гэтых 10 чалавек толькі Валянціна Бусько была выключаная са складу адвакацкай калегіі не за выкананне прафесійных абавязкаў, а за грамадзянскую пазіцыю — яе затрымалі 19 снежня на Плошчы ў Мінску. Ва ўсіх астатніх праблемы пачаліся з іх згоды абараняць удзельнікаў Плошчы. Дакладней, паводле афіцыйнай версіі, у большасці выпадкаў адвакаты пацярпелі нібыта за тое, што дазвалялі сабе “некарэктныя” выказванні ў каментарах асобным СМІ.

Паводле словаў юрыста Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла, пазбаўленыя ліцэнзій адвакаты згубілі магчымасць займацца сваёй працай як мінімум на бліжэйшыя 5 гадоў.


Гары Паганяйла: “Аднавіць ліцэнзію можна толькі праз 5 гадоў, але я думаю, што і праз 5 гадоў наўрад ці хто-небудзь з іх зможа прайсці праз гэтае кваліфікацыйнае сіта для таго, каб здаць адпаведны кваліфікацыйны іспыт і атрымаць права на заняцце адвакацкай дзейнасцю. Гэта поўная забарона на прафесію!”

“Пакараныя” адвакаты, кажа Паганяйла, гэта выдатна разумеюць і таму спрабуюць знайсці сабе працу па-за межамі адвакатуры. Вось толькі даведацца, хто, як і дзе здолеў уладкавацца, апынулася не проста.

Былы адвакат Уладзіміра Някляева Тамара Сідарэнка на нявызначаны час з’ехала за мяжу па ўласных справах. Адвакат Ірыны Халіп Уладзімір Тоўсцік рушыў на пастаяннае месца жыхарства ў ЗША. Тэлефон абаронцы Андрэя Саннікава Паўла Сапелкі недасяжны.

А вось Алег Агееў, які падчас суда абараняў экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча, застаецца на радзіме. Як высветлілася, толькі таму, што выехаць за мяжу не мае магчымасці — невыязны. Але думкі з’ехаць былі.

Алег Агееў: “Былі, канешне, такія думкі — з’ехаць”.

Еўрарадыё: “І што вас стрымала?”

 Алег Агееў: “Падпіска аб нявыездзе”.

Еўрарадыё: “З якой нагоды, за што ў вас падпіска? Гэта звязана з вашай прафесійнай дзейнасцю?”

Алег Агееў: “Так. Выключна!”

Адвакат пакуль не здолеў нідзе працаўладкавацца і не верыць, што яму некалі ўдасца аднавіць ліцэнзію. На пытанне, на што ён зараз жыве, адказвае коратка: “На заробленае за папярэднія гады працы”.

Нечаканы ўдар з боку Мінюста стаў для родных Алега Агеева сямейным — ліцэнзіі страцілі яго маці Таццяна Агеева і жонка Зарына Залеўская. Яны таксама не знайшлі сабе іншага месца працы. Былы адвакат папрасіў не турбаваць іх тэлефанаваннямі і пытаннямі — яны вельмі балюча перажываюць страту магчымасці займацца любімай справай.

Такая сітуацыя з адвакатамі, лічыць Гары Паганяйла, дрэнна адаб’ецца на працы тых, хто яшчэ мае магчымасць займацца сваёй дзейнасцю.

Гары Паганяйла: “Адвакаты запалоханыя і замест таго, каб адпаведным чынам ажыццяўляць прававую абарону, яны будуць арыентавацца на тое, каб не патрапіць пад жораны. Такім чынам, правы грамадзян не будуць забяспечаныя ў судовых працэсах — не будзе рэальнай абароны”.

Паводле яго словаў, ужо зараз шмат адвакатаў адмаўляюцца ад удзелу ў “палітычных” працэсах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі