Падчас кватэрніка ў Памідорава не атрымалася сыграць на замову (Фота+відэа)

120427 Malina Pamidor.mp3

Следам за лідарам гурта "Палац" Алегам Хаменкам утульную кватэру на ўскраіне Мінска наведаў музыка і шоў-мэн Аляксандр Памідораў. Літаральна з парога фронтмэн Pomidor/OFF прызнаўся, што пра аднаўленне савецкай традыцыі кватэрнікаў пачаў думаць яшчэ падчас "першай хвалі забаронаў" у 2004-м годзе.

На канцэрт Аляксандр прыехаў, як "парань": на таксі і з партвейнам

Мінула восем год і напаўжартаўлівая прапанова калегам, пайграць “па хатах” пераўтварылася ў амаль неабходнасць.

"Зараз гэта адно з выйсцяў, каб увогуле граць, - тлумачыць раптоўную папулярызацыю кватэрнікаў Памідораў. - Шкада толькі, што гэта ўсё адбываецца дакладна, як і ў Савецкім Саюзе. Там былі розныя падставы для кватэрных выступаў, але першай таксама была немагчымасць граць канцэрты ў вялікіх залах. Зрэшты, як мы ведаем, пасля пачатку “індустрыі” кватэрнікаў у Савецкім Саюзе, Савецкі Саюз не доўга пражыў".

У пачатку музыка прапанаваў замаўляць песні, але ў адказ не прагучала ні слова. У выніку Памідораў складаў свой эмацыйны трэк-ліст. Пры гэтым не абышлося і без размоваў, хоць, у параўнанні з кватэрнікам Алега Хаменкі, іх было вельмі мала. Прыхільнікі закраналі абсалютна розныя тэмы і потым уважліва слухалі стаўленне да іх Памідорава.

Падчас абмеркавання колішняй беларусізацыі, музыка, нават, узгадаў свае першыя беларускамоўныя песні. Праўда за трохгадзінны канцэрт Саша амаль не выканаў песень з апошняга альбома Pomidor/OFF "Патас/Попс/Прапаганда".

"Я не спяваў новы альбом, бо яго немагчыма ўвесь выканаць у акустыцы, - тлумачыць Аляксандр Памідораў. - Я не будаваў гэтую праграму, бо ўсё прыходзіць ад настрою. У другім аддзяленні ўвогуле пайшло так, што ад эмоцыяў я забыўся на акорды. Але затое былі выкананыя дзве песні, якія ніхто з прысутных ніколі не чуў. Я пра іх сам узгадаў толькі падчас сустрэчы, падчас грання".

Дарэчы, паслухаць сольны акустычны выступ лідара Pomidor/OFF набілася цэлая аднапакаёўка. Але самымі актыўнымі былі музыкі гуртоў The UNB ды No Comment Band, якія апынуліся сярод наведвальнікаў і ўвесь час падколвалі Аляксандра. Як высветліла Еўрарадыё, яны прыйшлі паглядзець, што такое сённяшнія кватэрнікі. З кожным новым глытком піва, на тварах музыкаў з'яўлялася ўсё больш і больш захаплення імпрэзай. Так што цалкам магчыма, што серыю хатніх выступаў працягнуць менавіта гэтыя калектывы.

Напрыканцы Аляксандр Памідораў падзякаваў прысутным, падарыў гаспадыні кватэры майку з надпісам Pomidor/OFF "Патас/Попс/Прапаганда" ды альбом гурта, а таксама раздаў некалькі дыскаў з мультфільмам "Будзьма Беларусамі!", які ён агучваў.

Пасля некалькіх "бісаў" і вельмі чаканай песні "Радыё", Памідораў усё ж наважыўся на завяршэнне канцэрта і паабяцаў, што гэта не апошняя сустрэча.

Перыядычна Аляксандр перарываў спевы-размовы, каб распавесці, як дабірацца Андрэю Кабанаву

"Я з задавальненнем, бо гэта маё ўлюбёнае заняцце – граць акустыку, - прызнаўся пад канец музыка. - Гэта ж проста кантакт з публікай, без мікрафонаў, без анічога. Самае ўлюбёнае!".

У пэўны час эмоцыі захлыналі музыку і ў яго на вачах з'яўляліся слёзы 

А ў гэты час на кухні музыкі і гукачы абмяркоўваюць мікрафоны:) 

На пачатку другога аддзялення журналіст Еўрарадыё скарыстаўся магчымасцю і папіярыўся:) 

Але хапіла яго толькі на тры песні 

Абутак наведвальнікаў (можна параўнаць з абуткам на кватэрніку Хаменкі)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі