Падаткавікі правераць “законнасць” усіх набытых сёлета 250 тысяч аўто?

111215 Luka6uk Nalogi_0.mp3

Як даведалася Еўрарадыё, падатковая інспекцыя зараз выклікае на дыван тых, хто набыў аўтамабіль, каб праверыць, ці былі ў іх грошы на такую пакупку. За першыя паўгода аўтамабілі прыгналі 250 тысяч чалавек.


Як тлумачыць Еўрарадыё начальнік Інспекцыі па падатках і зборах па Круглянскім раёне Таццяна Гурына, яны атрымліваюць усе звесткі аб рэгістрацыі аўтатранспарту з ДАІ. І аналізуюць, ці адпавядае пакупка даходам. Прычым, аўто, набытае, да прыкладу, за 8 тысяч еўра адным падаткаплацельшчыкам не прыцягне ўвагі падаткавікоў, а іншым — імгненна зацікавіць інспектараў.

Таццяна Гурына: “У нас жа ёсць усе дадзеныя па заработнай плаце. Вось гэта набыццё машыны — а заробак у вас, да прыкладу, добры. Мы нават ужо загадзя склалі звесткі па заробку за два-тры гады. Бачым, што, на жаль, чалавек можа пацвердзіць здольнасць набыць такую рэч. Мы да яго ніякіх патрабаванняў не выстаўляем і не патрабуем дэкларацыю аб прыбытках і маёмасці. А калі іншы, глядзім, заробак не атрымлівае, альбо — паўгода папрацаваў, а паўгода — не, і зрабіў такое набыццё. Ён набыў нават не за 8 тысяч еўра машыну, а за меншыя грошы, але мы супаставілі: дзе ты ўзяў грошы, каб набыць гэты транспартны сродак?!”

Асаблівую ўвагу падаткавікоў і жаданне супаставіць прыбыткі з выдаткамі прыцягваюць машыны ўзростам да 3, максімум 5 гадоў. Бо яны, паводле словаў намесніка начальніка Інспекцыі МПЗ па Хоцімскім раёне Дзяніса Раманенкі, аўтаматычна ўспрымаюцца фіскальнымі органамі як “дарагое набыццё”.

З прыбыткамі ўсё зразумела — гэта заробак, найперш, самога пакупніка аўто ці нерухомасці і яго жонкі. А вось падлік выдаткаў — гэта асобная тэма. Інспектары нават правяраюць звесткі ад... мабільных аператараў: на колькі вы нагаварылі за год!

Таццяна Гурына: “У выдатках, акрамя гэтай пакупкі, улічваюцца камунальныя плацяжы — робім запыты. Цікавімся, ці набывалася нейкая нерухомасць, ці ёсць страхавыя выплаты, ці плацілі зямельны падатак. І робім запыты наконт тэлефонных размоў па ўсіх відах сувязі. І супастаўляем. Калі зусім няма ніякіх выдаткаў — бюджэт пражытковага мінімума бярэцца і ставім яго, ён 400 з хвосцікам”.

Але ж чалавек можа сказаць, што ён на гэтага “жалезнага каня” па рублі збіраў 10 гадоў. Тады прыйдзецца падаць дэкларацыю аб прыбытках за гэтыя 10 гадоў.

У той жа час вядома шмат прыкладаў, калі хтосьці “гнаў” машыну з-за мяжы не сабе, а, да прыкладу, сябру ці суседу. Ну, не было ў таго чалавека візы, а 1 ліпеня з новымі правіламі растаможкі набліжалася! Падатковая папярэджвае: такім перагоншчыкам “па сяброўстве” давядзецца даказваць, што гнаў аўто прыяцелю, ніякага прыбытку не меў.

Таццяна Гурына: “На мяжы вы яе аформілі на сябе. Атрымліваецца, што машына гэтая — ваша. Вы яе за мяжой набылі, аформілі на сябе і зараз яму яе прадаеце — вы ж не аддаеце яе без грошай! Калі б вы гналі па даверанасці і адразу на яго перааформілі, то было б відаць, што вы паслугу аказалі бясплатна. Тады проста праводзіцца апытанне вас абодвух. Калі высветліцца, што вы атрымалі прыбытак, то вас прыцягнуць да падаткаабкладання і ваш прыбытак будзе пералічвацца”.

Не выключана, што за такую сяброўскую дапамогу давядзецца мець сур’ёзную размову з падатковым інспектарам.

Як даведалася Еўрарадыё, зараз інспектары нават выходзяць у адмысловыя рэйды па раёне — зазіраюць на самыя дарагія прыватныя падворкі.

Дзяніс Раманоўскі: “Інспектары абыходзяць кожны падворак на тэрыторыі ўсяго раёна. І ў выніку такога агляда могуць быць заўважаныя дамы, дарагія на выгляд. Робяцца адпаведныя запыты наконт дарагой нерухомасці. Робяцца параўнанні прыбыткаў і выдаткаў, і можа ўзнікнуць пытанне: адкуль у чалавека столькі грашовых сродкаў?”

Як высвятляецца, прыцягнуць увагу падаткавікоў можа не толькі набыццё дарагіх аўто альбо нерухомасці, але і... шыкоўны адпачынак.

Дзяніс Раманоўскі: “Інфармацыя такая прадстаўлялася турагенцтвамі — наконт дарагіх тураў. Але яна прадстаўлялася цэнтралізавана, і нам потым з вышэйстаячых інспекцый давалі інфармацыю неабходную”.

Казаць пра колькасць вылічаных “ухілістаў” ад выплаты падаткаў суразмоўцы Еўрарадыё не захацелі.

Фота: http://fota.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі