Пачаўся трэці Graffiti Open Music Festival (фота)

Стартаваў чарговы Graffiti Open Music Festival, на якім больш за 30 маладых гуртоў будуць змагацца за галоўны прыз. Праўда, сярод тых, хто падаў заяўкі, ёсць і ўжо знаёмыя беларусам калектывы, але арганізатараў гэта не бянтэжыць.

She Wolf

"У нас кожны год атрымліваецца такое, што пакуль дайдзе чарга выступаць, некаторыя гурты паспяваюць разваліцца, некаторыя паспяваюць паўтара разы сыграць на якіх салянках і стаць зоркамі з "ляпісаўскім" ганарарам, — каментуюць прадстаўнікі фестывалю. — А бывае, што ламаюць нагу, з'яжджаюць за мяжу... У такім выпадку мы спрабуем перанесці іх выступ, але часцей за ўсё гэта бессэнсоўна. А з гуртамі, якія даўно працуюць, і нам прасцей працаваць, яны больш сабраныя. Таму мы прымаем заяўкі ад любых музыкаў, галоўнае — каб яны гралі якасную музыку. Сёлета ўдзельнічаюць фіналісты мінулага году, але найбольш вядомы гурт — "Гаротніца".

The Pragа

Як і заўсёды, канцэрты фестывалю праходзяць у клубе "Графіці" па аўторках. Плануецца, што пераможца трэцяга фэсту будзе вызначаны ўжо ўлетку, а ў якасці галоўнага прыза будзе запіс максі-сінгла на студыі "ОСМОС". Цікава, што мінулагоднія пераможцы GOMFа да гэтага часу не скарысталіся магчымасцю гэтага запісу.

"На один день"

Дарэчы, заяўкі на ўдзел можна дасылаць і зараз — на выпадак, калі нехта адмовіцца ад выступу. Калі не, то яны аўтаматычна трапяць у рукі журы чацвёртага фэсту.

Нагадаем, што пераможцаў падчас канцэртаў GOMF абіраюць наведвальнікі шляхам галасавання, а таксама адзін з прадстаўнікоў беларускай рок-тусоўкі, якому надаецца статус сябра журы. Голас журы мае 5 балаў, голас жа звычайных наведвальнікаў — толькі 1.

На першым канцэрце першага ж туру Graffiti Open Music Festival III спаборнічалі гурты She Wolf, The Pragа ды "На один день". У другі тур прайшлі "На один день" з 34-ма баламі, She Wolf ды The Pragа набралі 6 і 10 адпаведна.

Наступны канцэрт адбудзецца 6 сакавіка, на ім выступяць "9-й мм" ды The Apache.