No comment band прэзентуюць першы міні-альбом і дэбютны кліп

Пераможцы беларускага этапу буйнейшага міжнароднага музычнага фестывалю Emergenza - "No comment band" 29-га траўня прадставяць сваё першае відэа на песню "I wanna be Madonna". Як распавёў Еўрарадыё вакаліст гурта Мацвей Купер, песня з’яўляецца адной з пяці кампазіцый, выдадзеных гуртом на Extended Play.

Мацвей Купер: "Песня атрымалася крышачку жартоўнай. Яна пра Мадонну, тую самую Мадонну Чыконэ, якая з’яўляецца зоркай усіх сусветных сцэн. Ну, вядома, мы хацелі б быць настолькі крутымі ў сваёй справе, наколькі крутая яна".

Як лічаць музыканты, гэтая песня даволі вясёлая, лёгкая для ўспрымання і для праслухоўвання. Таму мае ўсе шанцы стаць хітом!

Мацвей Купер: "Гэта наш першы досвед, і добрая кампазіцыя. Плюс, на яе клеіўся вельмі добры і цікавы відэашэраг, таму гэтая песня і была абраная для роліка".

Усім, што тычыцца прадакшна кліпа - ад генерацыі ідэй да напісання сцэнарыя і пошуку лакацыі ды ўдзельнікаў, займалася маладая мінская студыя Malamoute Production.

"Нам вельмі спадабалася працаваць з хлопцамі, яны вельмі актыўна падышлі да пытання і ўсё знялі вельмі хутка, – працягвае Мацвей. - На мой погляд, атрымалася вельмі эфектна і якасна".

Падчас прэзентацыі кліпа, якая адбудзецца ў клубе "Каёт", музыкі збіраюцца зладзіць невялікі канцэрт.

Мацвей Купер: "Мы выканаем як, натуральна, кампазіцыю "I wanna be Madonna", так і яшчэ некалькі песень, каб пазнаёміць слухачоў і журналістаў з нашай творчасцю. Каб яны разумелі, што такое “ноу коммент бэнд”, пра што мы, і як гучым".

Нагадаем, фінал конкурсу "Emergenza" неўзабаве пройдзе ў Маскве. Ну а ў Беларусі ў бліжэйшым часе No comment band выступіць на open-air "Рок за бобров".

29-га траўня музыканты чакаюць усіх жадаючых у клубе "Каёт". Уваход вольны! 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі