"Наша Ніва" абскарджвае папярэджанне Мінінфармацыі

Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанне за тое, што на старонках "Нашай Нівы" была апублікаваная недакладная інфармацыя пра тое, што адна з ахвяраў тэракту 11 красавіка нібыта знаходзілася на станцыі да позняга вечара. На думку Мінінфарма, распаўсюд гэтай інфармацыі прычыняе шкоду грамадскім інтарэсам, дыскрэдытуе органы дзяржаўнай улады, выратавальныя і медыцынскія службы, якія бралі ўдзел у аказанні дапамогі пацярпелым.


Сёння ў 14.30 адбылося папярэдняе пасяджэнне па гэтай справе. Прадстаўнікі рэдакцыі хадайнічалі, каб выклікаць у суд спецыяліста-мовазнаўца, піша nn.by. Ён бы ацаніў, ці магла публікацыя "Дзяўчына знаходзілася пад заваламі, калі Лукашэнка ўскладаў кветкі" нанесці шкоду грамадскім інтарэсам, а таксама дыскрэдытаваць дзяржаўныя органы, медычныя і выратавальныя службы.


Але суддзя Алена Маёрава вырашыла, што філолагі не могуць даваць тлумачэнні ў такой сітуацыі. "Вам што, слова нейкае няяснае? Суду ўсе словы ясныя!" — адзначыла яна. Аналізаваць тэкст суддзя не палічыла патрэбным.


Асноўнае паседжанне па справе адбудзецца 30 мая, а 14.30 у Вышэйшым гаспадарчым судзе.