Нарвежскі тэрарыст хацеў зрабіць у цэнтры ЕС "новы Чарнобыль"

Брэйвік лічыў мэтазгодным атакаваць атамныя станцыі ці выкарыстаць радыяцыйныя бомбы, калі да 2020 года еўрапейскія краіны не пойдуць на выкананне пэўных ўмоваў. Ён нават апісвае структуру атамнага рэактара, дае пералік еўрапейскіх АЭС, прапануе розныя суіцыдальныя варыянты атамных атак.

За некалькі гадзін да тэрактаў у Нарвегіі у інтэрнэце з'явіўся 1500-старонкавы дакумент на англійскай мове "2083: Еўрапейскі маніфест незалежнасці". Лічыцца, што ён належыць Брэйвіку, які здзейсніў самыя разбуральныя атакі ў Нарвегіі з часоў Другой сусветнай вайны. У канцы дакумента — фотаздымкі Брэйвіка, яго падрабязнае рэзюмэ з апісаннем інтарэсаў і месцаў працы.

Маніфест нездарма надзяляе вялікую ўвагу Чарнобыльскай катастрофе — Брэйвік насіў шалёныя думкі аб мэтазгоднасці атамнага выбуху ў Еўропе.

"Смерці ад рака 1-10 тысяч еўрапейцаў могуць выглядаць куды больш гуманнымі, калі яны прынесеныя ў ахвяру для апярэджання крывавай хрысціянска-мусульманскай вайны з мільёнамі смерцяў", — гаворыцца ў жахлівым маніфесце.

"Толькі ўявіце, якую ідэалагічную, псіхалагічную і эканамічную шкоду прынесла б для крымінальнага французскага марксісцкага/мультыкультурнага рэжыма адмовіцца ад Эйфелевай вежы і стварыць 1-кіламетровую зону забруджвання вакол яе на некалькі бліжэйшых дзесяцігоддзяў", — піша Брэйвік, гадаючы пра наступствы выбуху "бруднай" бомбы ў французскай сталіцы.

"Толькі ўявіце, якую ідэалагічную, псіхалагічную і эканамічную шкоду
прынесла б для крымінальнага французскага марксісцкага/ мультыкультурнага
рэжыма адмовіцца ад Эйфелевай вежы"

 Дакумент ад імя як быццам бы ўзноўленага ў 2002 годзе Ордэна Тампліераў фактычна ставіць ультыматум заходнееўрапейскім рэжымам да 1 студзеня 2020 года выканаць пэўныя умовы — "спыніць еўрапейскі генацыд, дэпартаваць усіх мусульман і забараніць мультыкультуралізм як антыеўрапейскую ідэалогію нянавісці"


У 20-70 гадовым плане Ордэна, піша тэрарыст, — узяць палітычны і ваенны кантроль у заходнееўрапейскіх краінах, зніштожыць палітычны марксізм/мультыкультуралізм у Еўропе і выцясніць іслам.

Адзін са здымкаў Брэйвіка, размешчаны ў апублікаваным Маніфесце

"Чарнобыльская катастрофа праламала хрыбет СССР. Новая Чарнобыльская катастрофа ў сэрцы Заходняй Еўропы без сумневу праламае хрыбет ЕСССР. Такія ахвяры могуць спатрэбіцца, каб пакласці канец эксперыментальнаму мультыкультурнаму кашмару і генацыду. Часам сітуацыя вымагае ад нас быць жорсткімі і забіць абмежаваную колькасць людзей... каб апярэдзіць куды больш жорсткія доўгатэрміновыя злачынствы супраць нашых людзей...", — піша Брэйвік.

Ён лічыць, што праз перасяленне мільёнаў людзей, масавае будаўніцтва жытла, грашовыя кампенсацыі мільёнам любая еўрапейская мультыкультурная краіна збанкрутуе і гэта прымусіць яе спыніць мусульманскую іміграцыю.

Ён мяркуе, што ў гэты перыяд антымусульманскія правыя сілы маглі б узяць палітычны і ваенны кантроль прынамсі ў адной заходнееўрапейскай краіне і дэпартаваць усіх мусульман.

Разам з тым тэрарыст піша, што колькасць пацярпелых у выніку атамнага выбуху можна зменшыць. Ён мяркуе, што ў адрозненне ад савецкіх уладаў падчас Чарнобыльскай катастрофы еўрапейскія ўрады не будуць цягнуць з інфармаваннем насельніцтва і эвакуацыяй. Апрача таго, заходнееўрапейскія краіны прыпынілі б пастаўку забруджаных прадуктаў людзям, якая прыводзіць да большых людскіх ахвяраў.

"...Дыктатура ў Беларусі працягвае пастаўляць сельскагаспадарчыя прадукты з забруджаных тэрыторый людзям. Я сам быў у Беларусі і магу гэта пацвердзіць, бо размаўляў з дзесяткамі людзей, якія не маюць іншага выйсця як спажываць забруджаную ежу", — піша Брэйвік.

Беларусь — адна з 24 замежных краін, якія, калі верыць рэзюмэ Брэйвіка, наведаў тэрарыст.